З 15 па 17 ліпеня праходзіла XXIV пілігрымка Іўеўскага дэканату да Панны Марыі Тракельскай, у санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў. Пілігрымка, якая адбывалася на роварах, стартавала з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Сурвілішках і па традыцыі прадугледжвала маршрут праз усе касцёлы дэканату.
У пілігрымцы ўдзельнічала больш за 50 чалавек, у асноўным школьная і студэнцкая моладзь.
Гэтыя тры дні сталі для ўдзельнікаў добрай нагодай паглыбіць сваю веру. Падчас шляху пілігрымы рабілі прыпынкі каля прыдарожных крыжоў, каплічак і ў касцёлах. Там яны маліліся аб тым, што турбуе іх сэрцы.
Праязджаючы праз населеныя пункты, якія праходзілі па маршруце пілігрымкі, хлопцы і дзяўчаты праводзілі ў іх своеасаблівую евангелізацыю сваімі песнямі і малітвай.
Увечары пасля спякотнага дня моладзь чакалі забавы, песні і танцы. На адным з прыпынкаў каля ракі моладзь ініцыявала так званы абрад “хросту новых пілігрымаў”, што, магчыма, стане яшчэ адной традыцыяй гэтай пілігрымкі.
Перад прыбыццём у Тракелі ў пілігрымаў быў час папрасіць прабачэння адзін у аднаго за ўсе крыўды і непаразуменні, якія мелі месца не толькі падчас шляху, але і ў штодзённым жыцці.
Калі пілігрымка прыбыла ў санктуарый, яе ўжо чакалі вернікі, якія прыехалі на аўтамабілях і аўтобусах. Пасля адбылася Імша падзякі за ўсіх людзей, якія сустракалі пілігрымаў, арганізоўвалі пачастунак і начлег.
Раман Ярмош