18 ліпеня ў санктуарыі ў Гудагаі завяршыліся адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Сёлета ў гэтых мерапрыемствах, якія праходзяць кожны год, удзельнічала некалькі тысяч чалавек.
Галоўную адпустовую Імшу, якая завяршыла ўрачыстасці, узначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Эўхарыстыю канцэлебравалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прамовіў гамілію, адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, айцы кармэліты, якія апякуюцца санктуарыем, і святары з розных месцаў Беларусі.
У гаміліі, кажучы пра ўрачыстасць Панны Марыі з гары Кармэль, арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што гэтая гара звязана з жыццём і служэннем прарока Іллі. Да сённяшняга дня там знаходзіцца пячора, дзе ён жыў і маліўся, і яе наведваюць тысячы пілігрымаў, каб папрасіць заступніцтва Найсвяцейшай Панны і гэтага прарока, абаронцы веры.
Па словах іерарха, прарок Ілля “не быў маўклівым сведкам ідалапаклонства, а мужна бараніў праўдзівую веру ў Бога”. Гара, дзе ён жыў, “лічыцца святой і адыгрывае ўнікальную рэлігійную ролю ў жыцці юдэяў, хрысціян і іншых веравызнанняў”.
Арцыбіскуп нагадаў таксама гісторыю з’яўлення шкаплера, дадзенага Маці Божай генералу Ордэну кармэлітаў св. Сымону Стоку. У маладосці Сымон Сток наведаў Святую Зямлю і далучыўся да пустэльнікаў на гары Кармэль, а затым заснаваў суполкі кармэлітаў у гарадах Еўропы. У 1251 г. Найсвяцейшая Панна Марыя з’явілася яму са шкаплерам у руках і сказала: “Прымі, сыне, шкаплер твайго ордэну як знак Майго братэрства, прывілею для цябе і ўсіх кармэлітаў. Хто ў ім памрэ, не трапіць у агонь пякельны. Гэта знак збаўлення, паратунак у небяспецы, запавет міру і вечнага абавязацельства”.
Іерарх дадаў, што “Марыя, якая заўсёды заставалася вернай свайму пакліканню быць Маці Збаўцы, вядзе да свайго Сына”, і “сёння, як калісьці ў Кане Галілейскай, калі выпрасіла ў свайго Сына першы цуд, Яна кажа нам: зрабіце тое, што скажа вам Мой Сын”.
“Праслаўляючы Божую Маці Кармэльскую, мы звяртаемся да Яе, як да Маці Божай ласкі і супакою. Звяртаемся да той, якая з’яўляецца нашай абаронай у барацьбе са злом, што выдатна сімвалізуюць дзве часткі шкаплера, як боскія шчыты, для абароны ад бачных і нябачных пагроз – наперадзе і ззаду. Звяртаемся, каб выпрасіла ў свайго Сына ласку навяртання нашага народа да жыцця згодна з Божым законам, а таксама ласку мірнага пераходу ад культуры падзелаў да культуры адзінства, як вучыць Папа Францішак”, – сказаў арцыбіскуп. Іерарх звярнуўся да Панны Марыі з гары Кармэль, просячы “бараніць нас ад усялякага зла і весці ў новае, напоўненае духам адзінства і супакою, духам узаемапашаны і ўзаемапрабачэння заўтра”.
Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Гудагаі прысутныя пілігрымы разам з духавенствам дзякавалі Пану Богу за 30 гадоў служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, 40 гадоў з часу прэзбітэрскага пасвячэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100 гадоў з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса. Многія вернікі, наведваючы гэтае святое месца, прынялі кармэліцкі шкаплер, аддаўшы сябе такім чынам пад надзейную апеку Маці Божай.
Культ Маці Божай Шкаплернай становіцца ўсё больш папулярным у мясцовым Касцёле, а гудагайскі фэст стаў адной з традыцыйных урачыстасцяў Найсвяцейшай Панны Марыі.
Усім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі сёлетніх святкаванняў, і тым, хто прыбыў туды з розных месцаў нашай краіны, падзякаваў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ гэтага санктуарыя а. Аркадзь Куляха OCD.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Ірэна Ахрамовіч