Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у Гудагаі: чым бліжэй мы да Бога, тым больш шчаслівыя

goodogaj uroczystosc 54Увечары 17 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) пачаліся адпустовыя ўрачыстасці.

Да невялікай святыні, дзе шмат гадоў ушаноўваецца цудадзейны абраз Маці Божай з гары Кармэль, прыбылі шматлікія пілігрымы. Некаторыя прыйшлі з Астраўца, які знаходзіцца недалёка, былі і тыя, хто прыехаў на роварах нават з Гродна.

Сёлета вернікі дзякавалі ў Гудагаі за 30 гадоў служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, 40 гадоў з часу прэзбітэрскага пасвячэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100 гадоў з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса.

Святую Імшу, якой распачаліся ўрачыстасці, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Эўхарыстыю канцэлебравалі старшыня епіскапату Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дыяцэзіяльныя святары і кармэліты.

goodogaj uroczystosc 51

Імша пачалася працэсіяй, у якой на палявы алтар, дзе яна цэлебравалася, жанчыны прынеслі цудадзейны абраз, упрыгожаны народнымі ўбраннямі.

Усіх прысутных прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ гэтага святога месца а. Аркадзь Куляха OCD.

У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне казаў пра тое, што жыццё хрысціяніна павінна быць нястомным духоўным узыходжаннем праз пакаянне і навяртанне, пераадоленне ўласных слабасцяў і грахоў, удасканаленне ў цнотах, узрастанне ў любові да Бога і бліжняга.

“Як стомлены вандроўнік на вяршыні гары адчувае вялікую радасць, цешыцца, што дасягнуў мэты, што вытрываў, што можа радаваць вока цудоўнымі відамі наваколля – так хрысціянін, чым больш набліжаецца да Бога, тым большую духоўную радасць адчувае ў сваім сэрцы, тым шырэйшыя гарызонты святасці адкрываюцца перад вачыма яго душы”, – дадаў біскуп Кашкевіч.

Іерарх падкрэсліў, што на шляху да святасці ў нас ёсць надзейная Правадніца і Заступніца ў асобе Найсвяцейшай Маці, якая, як найдасканалейшая вучаніца Пана, разважала ў сваім сэрцы над Божым словам, з вялікай верай і пакорай спаўняла Божую волю, рэалізавала ўсе Яго наказы як верная слуга.

“Таму незлічоныя пакаленні хрысціян стараліся наследаваць Марыю ў Яе веры і любові да Бога, а разам з тым прасілі Яе аб дапамозе ў нялёгкай вандроўцы да вышыняў святасці”, – сказаў біскуп Гродзенскі.

goodogaj uroczystosc 47

Па словах іерарха, Марыя як наша Маці нікому не адмаўляе ў сваёй дапамозе, a сваім верным шанавальнікам з Ордэну кармэлітаў пакінула вялікі духоўны дар у выглядзе шкаплера.

“Марыйны шкаплер – гэта нагадванне і заахвочванне, каб і мы наследавалі Марыю, стараліся імкнуцца да святасці, адважна і пастаянна ўзнімаліся на нашу духоўную гару Кармэль праз нястомнае змаганне з грахом, супрацоўніцтва з Божай ласкай і ўзрастанне ў цнотах”, – адзначыў біскуп.

Ён заахвоціў тых, хто ўжо прыняў шкаплер, насіць яго з верай і любоўю, бо гэта знак любові да Марыі, a ўсіх прысутных – часта маліцца Найсвяцейшай Маці, асабліва разважаючы над таямніцамі Ружанца.

“Будзем практыкаваць супольную малітву ў коле сям’і. Будзем старацца наследаваць Марыю ў Яе слуханні Божага слова, у паслухмянасці Божай волі, у любові да Бога і бліжняга”, – дадаў біскуп.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII