У межах адпустовых урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях апоўначы адбылася Імша пастэрка, якую ўзначаліў новаабраны старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Літургія традыцыйна распачалася працэсіяй са свечкамі па Тракелях, падчас якой вернікі разважалі над хвалебнымі таямніцамі Ружанца.
На Імшы сабралося шмат вернікаў, якія прыбылі пакланіцца Маці Божай і прадставіць Ёй свае просьбы.
У Імшы таксама ўдзельнічалі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Вітаючы сабраных, біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што падчас сёлетніх адпустовых урачыстасцяў прысутныя ў гэтым асаблівым для дыяцэзіі месцы дзякуюць Богу за 30 гадоў існавання лакальнага Касцёла.
Іерарх выказаў перакананне, што св. Ян Павел ІІ, які сваёй булай у 1991 г. паклікаў дыяцэзію да існавання і адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, глядзіць з вышыняў у гэты дзень і цешыцца гэтаму святкаванню.
Звяртаючыся да шматлікіх пілігрымаў, якія трымалі ў руках запаленыя свечкі, біскуп назваў іх жывым Касцёлам. “Вы той прыгожы Касцёл нашай маляўнічай Гродзеншчыны, бо вы гэты Касцёл кожны дзень ствараеце і ажыўляеце”, – дадаў ён.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што ў гэтую хвіліну варта ўзгадаць у малітве многіх простых людзей, якія мелі прыгожую і глыбокую веру, утваралі гісторыю дыяцэзіі, а таксама тых, якія адышлі са знакам веры, пакінуўшы пасля сябе непазбыўныя сляды.
“У нашым дыяцэзіяльным “санаторыі”, дзе струменіць крыніца супакою, цішыні, даверу і надзеі, мы хочам дзякаваць Марыі за ўсіх тых, якія здзяйсняюць штодзённую працу абвяшчэння Божага слова, даючы сваім жыццём цудоўны прыклад прысвячэння і служэння”, – сказаў іерарх.
Біскуп заахвоціў удзельнікаў урачыстасцяў, каб яны, углядаючыся ў мацярынскі позірк Марыі ў Тракельскім абразе, поўны надзеі, даверу Богу, клопату аб кожным чалавеку, супольна прасілі аб жывой і непахіснай веры для ўсіх сем’яў нашай краіны.
У гаміліі біскуп Казімір Велікаселец казаў пра галоўныя праўды веры, падкрэсліўшы, што варта заўсёды станавіцца перад Панам з чыстай душой, бо такім хоча бачыць кожнага чалавека наш Створца.
Звяртаючыся да сужэнстваў і бацькоў, іерарх заклікаў іх імкнуцца перадаць сваім дзецям тое, што павінна быць самым каштоўным у жыцці кожнага: Бога, веру, хрысціянскія вартасці.
Звяртаючыся да маладых людзей, адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прасіў іх заўсёды імкнуцца ставіць Бога на першае месца, ніколі не губляць з Ім кантакту. Як падкрэсліў іерарх, калі малады чалавек пачынае пагоню толькі за дабротамі гэтага свету, пакідаючы Бога ўбаку, ён вельмі хутка трапіць у пастку.
Удзельнікі літургіі маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, каб у кожным доме мог валадарыць Езус Хрыстус, a хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая