Skip to main content

Свету патрэбныя бацькі, здольныя выхаваць высакародную будучыню зямлі: біскуп Станеўскі цэлебраваў у Тракелях Імшу для пілігрымаў

imsza piligrymy 42Увечары 10 ліпеня генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі узначаліў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях святую Імшу для пілігрымаў.

На працягу першага дня адпустовых урачыстасцяў вернікі прыбывалі ў санктуарый паасобку і невялікімі групамі.

У гаміліі дапаможны біскуп дыяцэзіі падкрэсліў, што абраз Маці Божай Тракельскай, які ўшаноўваецца ў гэтым санктуарыі, – “сувязь пакаленняў, узор выхавання да сямейнага жыцця, грамадскага ладу і гарантыя міру, школа талерантнасці і дыялогу”.

Іерарх дадаў, што належыць па прыкладзе нашых высакародных папярэднікаў – свецкіх і духоўных асобаў – “прасіць аб святле апекі, леках ад усіх хваробаў нашага грамадства” Найсвяцейшую Маці.

Таксама біскуп адзначыў, што сучаснаму свету патрэбныя святыя маці і бацькі, якія будуць адважна бараніць зачатае жыццё і здзяйсняць цяжкую працу, каб утрымліваць свае сем’і і выхоўваць новыя пакаленні.

 imsza piligrymy 62

Сённяшняму свету патрэбныя адважныя бацькі, якія укленчаць і схіляць галовы перад Божай веліччу, – сказаў іерарх. – Свету патрэбныя святыя маці, здольныя выхаваць высакародную будучыню нашай зямлі, навучыць любіць і прабачаць”.

“Нам патрэбныя святыя маці, якія ўкленчваюць у святыні з гучнай просьбай аб цвярозасці сына і навяртанні дачкі”, – дадаў ён.

Іерарх падкрэсліў, што свету патрэбная добрая моладзь, якая была б моцная Богам і мудра адрознівала дабро ад зла ў штодзённых справах і штодзённым выбары.

“Нам патрэбная моладзь, якая не паводле імкненняў цела, а паводле сапраўднай любові распачне сумеснае жыццё сакрамэнтам сужэнства ля алтара ў касцёле, а не ў свабодным новым звычаі саюзу ў грамадзянскім шлюбе”, – сказаў біскуп.

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама ў інтэнцыі ўсіх сем’яў нашай дыяцэзіі. Тракельскі санктуарый з’яўляецца асаблівым месцам у Касцёле на Гродзеншчыне, дзе пастаянна здзяйсняецца гарачая малітва за сем’і, каб яны былі моцныя Богам і будавалі сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях.

кс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая