10 ліпеня ў межах сёлетніх адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў марыйную алею. На гэтай алеі размясціліся 15 копій унікальных абразоў Маці Божай з розных месцаў Гродзеншчыны.
Каля азёр на прыкасцёльнай тэрыторыі былі размешчаны на дрэвах копіі абразоў Маці Божай Барунскай, Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), Маці Божай Шкаплернай з Гудагая, Маці Божай са Мсцібава, Маці Божай Поразаўскай, Маці Божай Жыровіцкай, Маці Божай Ласкавай (Крэўскай), Маці Божай Лідскай, Маці Божай Міжэрыцкай, Маці Божай Адэльскай, Маці Божай з Росі, Маці Божай з Трабаў, Маці Божай Эйсмантаўскай, Маці Божай Лунскай, Маці Божай з пабернардынскага касцёла ў Гродне.
Як адзначыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, было б добра, калі б душпастыры парафій, дзе знаходзяцца гэтыя абразы, прыбылі ў Тракелі з пілігрымкай падзякі.
Кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі выказаў надзею, што гэтая алея прычыніцца да развіцця культу Панны Марыі ў Гродзенскай дыяцэзіі. “Наведваючы тракельскі санктуарый, пілігрымы будуць мець нагоду даведацца пра іншыя выявы Маці Божай на Гродзеншчыне, і ў іх з’явіцца жаданне наведаць гэтыя святыя месцы”, – дадаў святар.
У гэтым жа парку было пабудавана 14 стацый Крыжовага шляху, якія нядаўна былі асвячаны.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Дар’я Васілевіч