У межах адпустовых урачыстасцяў Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў новы Крыжовы шлях, які паўстаў на тэрыторыі санктуарыя.
У прыгожым парку, які становіцца ўсё лепшым, прыцягваючы сотні пілігрымаў і турыстаў, было пабудавана 14 стацый. Яны паўсталі дзякуючы намаганням кусташа санктуарыя кс. доктара Юрыя Бяганскага, а таксама людзям добрай волі.
Кусташ перакананы, што гэтыя стацыі, якія нагадваюць пра шлях Пана Езуса з крыжам ад прэторыі Пілата на гару Галготу, будуць садзейнічаць ажыўленню веры пілігрымаў і ўдзельнікаў індывідуальных і групавых рэкалекцый, якія арганізоўваюцца пры тракельскім санктуарыі, а таксама будуць вучыць хрысціянскаму пакаянню, ахвярнасці і ўдзячнасці.
Для вернікаў, якія прыбываюць у санктуарый у індывідуальным парадку, каб пабыць сам-насам з Богам, стацыі Крыжовага шляху могуць стаць нагодай зрабіць шчыры рахунак сумлення і імкнуцца да глыбокай духоўнай еднасці з Езусам.
Трэба падкрэсліць, што санктуарый у Тракелях і яго тэрыторыя ў апошні час вельмі моцна змяніліся. Былі зроблены прыгожыя дарожкі, ходзячы па якіх можна захапляцца хараством кветак і навакольнай прыроды. На дарожках усталяваны лавачкі, дзе можна адпачыць і паразважаць над сваім жыццём. Усё гэта сапраўды прыцягвае пілігрымаў, і, як самі яны часта паўтаралі, “адсюль не хочацца нават ад’язджаць”.
У тым, што санктуарый набывае новыя колеры, вялікая заслуга сённяшняга кусташа кс. доктара Юрыя Бяганскага, які старанна працуе разам са сваімі парафіянамі апошнія тры гады, каб тут было прыгожа і ўтульна. У святара тысячы планаў, частку з якіх ужо ўдалося рэалізаваць. Але ён не спыняецца: святар хоча, каб гэтае месца стала духоўным санаторыем, дзе чалавек зможа сустрэцца з Богам і Яго Маці, спазнаць цішыню і супакой, а найперш – умацавацца духам і ўмацаваць сваю веру.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Арцём Шыдлоўскі