4 ліпеня ў лясной капліцы ў Дубку, якая адносіцца да парафіi Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, адзначылі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якую тут на працягу 90 гадоў ушаноўваюць пад назваю Курганскай.
Гэтая назва засталася ў памяці мясцовых вернікаў з таго часу, калі Дубок называўся таксама Курганамі. Тут у лясах уздоўж берагоў Віліі захавалася шмат старадаўніх курганоў, на адным з якіх і была пабудавана амаль стагоддзе таму драўляная капліца.
Абраз для галоўнага алтара капліцы намаляваў тады прэфект свянцянскай гімназіі ксёндз Баляслаў Грамза. Гэты першы абраз Маці Божай Курганскай да нашага часу не захаваўся, але захавалася Кальварыя Маці Божай Смуткуючай, якая складаецца з сямі стацый на ўспамін сямі смуткаў Маці Божай Балеснай.
На пачатку ХІХ ст. у вёсцы Пастарыні быў пабудаваны касцёл Маці Божай Балеснай. У канцы стагоддзя святыня была зачыненa, а ў час Першай сусветнай вайны разабранa. Пасля вайны святыню вырашылі адбудаваць у іншым месцы, на левым беразе Віліі, каля фальварка Дубок. У 1929 г. новая капліца была асвячана пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі. У 1930-я гады каля Віліі былі ўсталяваны сем стацый Маці Божай Балеснай.
На сёлетнюю ўрачыстасць па запрашэнні пробашча парафіі ў Жодзішках кс. Паўла Калесніка, які духоўна апякуецца вернікамі ў Дубку, сабраліся святары з навакольных парафій, a таксама прыбыло каля 200 пілігрымаў.
Людзі наведваюць гэтае месца на працягу ўсяго года, каб адпачыць ад турботаў штодзённага жыцця. Здаецца, гэтая капліца адмыслова знаходзіцца тут, каб нішто ў лясной цішы не перашкаджала размове паміж чалавекам і Маці Божай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Ведзень