У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для міністрантаў, прысвечаныя тэме паклікання. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі міністранты з розных куткоў нашай краіны.
Хлопцы былі засяроджаны на тым, каб слухаць голас Пана ў сценах капліцы семінарыі, дзе кожны яе студэнт, які праходзіць фармацыю да святарскага служэння, чэрпае сілы, каб таксама ісці дарогай любові, праўды і справядлівасці, праслаўляючы Бога за Яго прысутнасць і дзейнасць.
Удзельнікам рэкалекцый прапаноўвалася насычаная праграма, якую падрыхтаваў духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла. Міністранты мелі магчымасць разважаць над Божым словам, удзельнічаць у святой Імшы, канферэнцыях, у вольны час гуляць у більярд і настольны тэніс.
Можна спадзявацца, што час рэкалекцый даў удзельнікам асаблівы духоўны пасілак, які аднаўляе і дадае сіл для таго, каб выконваць Божую волю.