26 чэрвеня ў парафіяльным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы) адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. прэлата Юзафа Трубовіча ў першую гадавіну яго смерці.
На малітве ў святыні, дзе два апошнія дзесяцігоддзі свайго жыцця служыў гэты святар, сабралося духавенства і ўдзячныя парафіяне, якім прысвячаў шмат часу кс. Трубовіч. Усе яны прыбылі, каб дзякаваць добраму Богу за дар гэтага чалавека, які быў духоўным кіраўніком для многіх, прыкладам руплівасці і прысвячэння.
Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што спачылы год таму кс. Трубовіч, сын віцебскай зямлі, пастыр вернікаў Латвіі і Беларусі, “злучаў пакаленні і стагоддзі”, а таксама быў сведкам пераследу Касцёла.
Дапаможны біскуп дыяцэзіі падкрэсліў, што ксёндз прэлат “не змарнаваў Божай ласкі, а, наадварот, гэтая Божая ласка ў яго жыцці і святарскім служэнні рэалізавалася ў дасканалай меры”.
Успамінаючы спачылага, іерарх дадаў, што ён быў незвычайна велікадушным, лагодным, заўсёды верыў у чалавека, здолеў адкрыць сваё сэрца на ласкі і натхненні Духа Святога. Па словах біскупа, кс. Юзаф заўсёды меў слова, якое ўмацоўвала, уздымала, дадавала надзеі, “паходзіла з яго сэрца, як бальзам, а адначасова непакоіла, змушала да перамянення жыцця”.
Іерарх назваў ксяндза Юзафа, які заўсёды стараўся жыць сціпла і бедна, найбагацейшым у свеце, бо ён меў Езуса і мог дзяліцца з іншым чалавекам.
“Сёння мы глыбока верым, што ксёндз прэлат Юзаф глядзіць на нас і з нябеснай усмешкай запрашае, каб і мы бязмежна даверыліся Езусу, каб любілі Найсвяцейшую Маці, служылі нашым бліжнім па меры нашых імкненняў і магчымасцяў”, – падсумаваў Генеральны вікарый дыяцэзіі.
Пасля Імшы ўдзельнікі накіраваліся да магілы спачылага святара на прыкасцёльных могілках, дзе біскуп благаславіў пастаўлены на ёй помнік.
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г.
Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія), там жа біскуп Казімір Дульбінскі 30 верасня 1956 г. удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне. Потым на працягу 20 гадоў нёс служэнне ў Латвіі, пасля прыехаў у Гродна і на працягу 12 гадоў служыў у францішканскім касцёле.
У 1988-1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, наступныя сем гадоў – пробашчам катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
З 1999 г. быў рэзідэнтам у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Адышоў у вечнасць на 95-м годзе жыцця, у момант смерці быў найстарэйшым каталіцкім святаром у Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Томаш Мікалайчык