Skip to main content

Біскуп Станеўскі павіншаваў “людзей у белых халатах” з прафесійным святам

bp 25 21Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды Дня медыцынскіх работнікаў звярнуўся да працаўнікоў медыцыны са словамі віншаванняў.

Паважаныя браты і сёстры ў белых халатах!

З нагоды Дня медыцынскіх работнікаў, які адзначaўся ў нашай краіне сёлета 20 чэрвеня, я хацеў бы выказаць вам шчырую ўдзячнасць і сардэчныя пажаданні. Мы заўсёды памятаем пра ўсіх, хто прафесійна займаецца выратаваннем здароўя і жыцця людзей, а асабліва гэта чынім сёння, скіроўваючы свае думкі і малітвы за ўрачоў, медсясцёр і медбратоў, акушэрак, фельчараў, фармацэўтаў і ўсіх іншых супрацоўнікаў бальніц і паліклінік.

Мае дарагія! Вы ўсе так важныя. Вы вырашаеце асаблівыя і выключныя задачы, асабліва ў цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі.

Больш за год вы прыкладаеце дадатковыя намаганні для барацьбы з эпідэміяй COVID-19. Кожны дзень вы самааддана змагаецеся за гэты каштоўны дар – жыццё чалавека. Вы аказваеце дапамогу ў надзвычайных сітуацыях са здароўем і несяце неацэнную дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкім стане. Немагчыма знайсці словы, каб выказаць павагу і падзяку за вашу ахвяру на карысць хворых і пакутуючых. Застаючыся на “першай лініі фронту” і змагаючыся за жыццё іншых людзей, вы выконваеце сваю місію і сваё пакліканне, часта рызыкуючы ўласным здароўем і жыццём.

Асабліва ў гэты цяжкі час пандэміі жадаю вам дабрыні, удзячнасці і разумення пацыентаў, іх сем’яў, падтрымкі з боку валанцёраў.

Пры алтары Пана мы сёння молімся за ўсіх вас аб Божай дапамозе і ласцы цярплівай настойлівасці ў барацьбе з “нябачным ворагам”, а таксама неабходных сілах, каб клапаціцца пра хворага чалавека, які заўсёды мае годнасць і правы.

Дарагія! Жадаю вам моцнага здароўя, задавальнення і шмат радасці ў выкананні гэтага выключнага служэння. Няхай святы Лука, заступнік службы аховы здароўя, выпрасіць для вас і вашых сем’яў дапамогі ад Нябеснага Лекара – Езуса Хрыста.

Няхай Маці Божая ў закліку “Аздараўленне хворых” апякуецца нашай Радзімай і нашым народам.

З благаслаўленнем, ваш пацыент

Юзаф Станеўскі

Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі