Пра тое, што варта і нават трэба сеяць дабро, быць добрым, як хлеб, бо, хоць адна частка зерня застаецца патаптанай і знішчанай, другая падае на добрую глебу і прыносіць плён, казаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, наведваючы парафіяльную супольнасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (аўгустовак) у Гродне.
17 чэрвеня, у літургічны ўспамін св. брата Альберта Хмялёўскага, іерарх падчас Імшы ў межах наведвання парафіі ўдзяліў мясцовым вернікам сакрамэнт канфірмацыі. Эўхарыстыя цэлебравалася на палявым алтары побач з месцам будаўніцтва святыні, якое ўжо амаль завяршаецца.
Дары Духа Святога прынялі ў гэты дзень у парафіі больш за 50 чалавек.
Звяртаючыся да вернікаў, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне нагадаў пра асобу святога Альберта Хмялёўскага. Іерарх адзначыў, як важна быць па яго прыкладзе добрым да людзей, дзяліцца дабром з найбліжэйшымі. Як падкрэсліў біскуп, дзякуючы дабрыні чалавека ўвесь свет стане лепшы.
Іерарх падзякаваў вернікам за малітву ў інтэнцыі духоўных асобаў, а таксама заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях. Звяртаючыся да моладзі, ён адзначыў, што, калі Хрыстус кліча кагосьці да такога выключнага служэння ў Касцёле, “нельга заглушаць Яго заклік, а трэба ахвотным сэрцам прыняць гэтае запрашэнне”.
На заканчэнне Імшы тыя, хто прыступіў да сакрамэнту хрысціянскай сталасці, выказалі словы ўдзячнасці ўсім, хто адпаведным чынам рыхтаваў іх да яго прыняцця. Між іншым яны падзякавалі свайму пробашчу кс. Аляксандру Шэмету, кс. Алегу Кудэрку, кс. Артуру Малафею і с. Людміле.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вераніка Альшэўская