Skip to main content

Дзеці з гродзенскай парафіі Святога Духа правялі “канікулы з Богам” у Нецечы

nececz 8Амаль на самым пачатку чэрвеня дзеці з парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) дзякуючы старанням пробашча кс. Паўла Салабуды правялі “канікулы з Богам” у вёсцы Нецяч.

Пяць дзён адпачынку былі напоўнены атмасферай радасці і шчасця. Кожны дзень дзеці сустракаліся на святой Імшы, каб дзякаваць Добраму Богу за Яго дары і прасіць благаслаўлення. Шмат часу на працягу дня адводзілася на разнастайныя супольныя гульні, спартландыі, пошук скарбу, дыскатэкі, танцы і спевы. Дзеці вучыліся працаваць у групах, дапамагаць адзін аднаму, падтрымліваць і клапаціцца пра малодшых.

На некалькі дзён кожны з удзельнікаў летніку мог забыцца пра гарадскую мітусню і захапляцца вясковай цішынёй, спевам птушак, пахам лесу. Шкада ім было толькі таго, што час хутка праляцеў.

Арганізатары спадзяюцца, што час, праведзены разам, не толькі з’яднаў дзяцей паміж сабою, але найперш наблізіў іх да Бога.

С. Бернадэта Белаусава CHHJ