11 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначаўся юбілей 375-годдзя мясцовай святыні.
У гэты ж дзень юбілей 70-годдзя жыцця адзначыў пробашч гэтай парафіяльнай супольнасці кс. Здзіслаў Пікула SDB.
Урачыстую Імшу падзякі за дар касцёла і душпастыра ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У Эўхарыстыі ўдзельнічалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, салезіянская сям’я з усёй Беларусі і шматлікія вернікі.
На пачатку Імшы ўсіх прысутных прывітаў рэгіянальны настаяцель рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар адзначыў, што менавіта з культам Сэрца Езуса звязана таямніца Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім хрысціяне перажываюць жывую прысутнасць Хрыста. “Сэрца Езуса – гэта ўвасабленне Любові!” – дадаў кс. Гайдукевіч.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ў гэты дзень “мінае 375 гадоў з таго моманту калі сэрца чалавека дзятлаўскай зямлі ўзрушылася верай”. “Сведкаў тых падзей ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз кроў у нашых жылах і лучнасць святых”, – сказаў іерарх.
Па словах біскупа, узгаданы час – гэта “змены і перамены, адыходы і знішчэнні, нараджэнні і сыходы – час узрастання новага пакалення”. “Гэта ваш час, час надзеі і будавання рэчаіснасці на Евангеллі Езуса Хрыста, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё”, – дадаў ён.
Генеральны вікарый адзначыў, што на працягу тысячагоддзяў чалавек уцякаў ад мітусні гэтага свету, таму прысутнасць і малітоўная сустрэча дазваляюць у Дзятлаве дакрануцца да чароўнай Божай цішыні.
“Мы можам перажыць гэтую атмасферу супакою, якая спрыяе сустрэчы з Богам, спрыяе магчымасці адкрыцця на Бога і на чалавека”, – сказаў біскуп.
Іерарх заахвоціў у першую чаргу мясцовых парафіян, а таксама ўсіх прысутных дзякаваць Пану за родны край i маліцца аб атмасферы любові і згоды, разумення і ўзаемнай павагі.
“Мы дзякуем, але і сумуем па доме, у якім любоў – як хлеб штодзённы, які прысутнічае кожны дзень на стале, прабачэнне i разуменне – як глыток свежага паветра, а праўда спавівае супакоем нашыя сэрцы”, – дадаў біскуп.
На заканчэнне гаміліі іерарх заклікаў усіх, вяртаючыся ў свае дамы пасля гэтай урачыстасці, “будаваць сённяшні дзень з падзякай за гістарычнае ўчора, з марай аб прыгожай будучыні Дзятлава і ваколіц”.
“Няхай Прачыстая Дзева Марыя Унебаўзятая дасць вам адчуць сэрцам гэтую цудоўную мелодыю прысутнасці Бога, гэтую атмасферу міру і любовi”, – пажадаў Генеральны вікарый дыяцэзіі.
Біскуп Гродзенскі на заканчэнне Імшы падкрэсліў, што юбілей святыні – “заўсёды нагода задумацца над бегам гісторыі, над фактам, што як парафіяне мы з’яўляемся спадкаемцамі папярэдніх пакаленняў – нашых продкаў, якія ўзнеслі гэтую прыгожую святыню, клапаціліся пра яе захаванне і годны выгляд, а калі была неабходнасць, таксама баранілі яе ў часы розных віраванняў гісторыі”.
Па словах іерарха, у гэты дзень мы асабліва “ўспамінаем з удзячнасцю тых, якія ў гэтай святыні аддавалі пашану Пану Богу, узносілі да Яго свае малітвы, прыступалі да святых сакрамэнтаў, давалі сведчанне сваёй веры і вернасці Хрыстоваму Касцёлу”. “Дзякуючы ім мы атрымалі ў спадчыну найкаштоўнейшы дар, якім з’яўляецца наша вера”, – дадаў біскуп Кашкевіч.
Словы самых сардэчных віншаванняў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў таксама пробашчу ксяндзу Здзіславу, юбіляру, дзякуючы за шматгадовае ахвярнае і руплівае служэнне ў дыяцэзіі.
Біскуп адзначыў, што, калі наш лакальны Касцёл толькі пачынаў адраджацца пасля доўгага перыяду навязанага атэізму, ксёндз Здзіслаў Пікула пакінуў свае родныя мясціны і прыбыў на Беларусь як сапраўдны місіянер, ідучы за голасам сэрца, каб удзельнічаць у нялёгкай справе адраджэння рэлігійнага і касцёльнага жыцця на Гродзеншчыне.
Старанна і ахвярна спаўняючы свае святарскія абавязкі, не шкадуючы ні здароўя, ні сіл, святар рупліва будаваў жывы Касцёл з чалавечых сэрцаў, фундаментам і галавой якога з’яўляецца сам Хрыстус, наш Пан і Збаўца. У розных парафіях нашай дыяцэзіі – паўсюль, куды пасылаў яго Хрыстус праз рашэнне настаяцеляў, а апошнім часам менавіта тут, у Дзятлаве, – сваёй дабрынёй, чуласцю, пабожнасцю і клопатам пра даручаныя яму душы ён прыцягваў чалавечыя сэрцы да Найсвяцейшага Сэрца Збаўцы, невычэрпнай крыніцы міласэрнасці і ўсялякіх ласкаў.
Пасля Імшы біскупы, святары, сёстры законныя, прадстаўнікі розных галін салезіянскай сям’і і вернікі выказалі віншаванні пробашчу парафіі. Прыбылі з віншаваннямі таксама вернікі парафіі ў Варнянах, у якой у 1989 г. юбіляр распачаў душпастырскую працу на Беларусі. Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі мясцовай свецкай улады. Са сваім словам звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.
На заканчэнне ксёндз Пікула падзякаваў усім за прысутнасць у гэты дзень і супольную малітву, паабяцаў, што будзе і далей старацца з вялікай руплівасцю спаўняць свае абавязкі, абвяшчаючы Евангелле ўсім людзям.
Пасля адбылося асвячэнне фігуры Марыі Унебаўзятай і памятнага юбілейнага каменя ў гонар 375-годдзя святыні і 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч