Парафія св. Сымона і св. Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) па ініцыятыве пробашча ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка арганізавала пілігрымку па Беларусі з перэгрынацыяй копій найбольш славутых сярод католікаў нашай краіны абразоў Багародзіцы.
Копіі гэтых абразоў благаславіў 6 чэрвеня Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Раніцай 12 чэрвеня ў катэдральную базыліку св. Францішка Ксаверыя ў Гродне былі прывезены на аўтамабілях копіі абразоў з найбольш вядомых санктуарыяў Беларусі: у Будславе, Браславе, Брэсце, Бялынічах, Гродне, Гудагаі, Лагішыне і Тракелях. Іх арыгіналы былі ў свой час каранаваныя папскімі каронамі, што азначае прызнанне іх духоўнага значэння на нашай зямлі і за яе межамі.
У святыні, якая з’яўляецца маці ўсіх касцёлаў Гродзеншчыны, адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Гамілію прамовіў ініцыятар пілігрымкі кс. Уладзіслаў Завальнюк. Святар падкрэсліў мэту гэтага пілігрымавання, падчас якога адбываецца асаблівая малітва за нашу краіну, за з’яднанне беларускага народа, хутчэйшае аднаўленне будслаўскага санктуарыя пасля пажару, за ўсіх жыхароў нашай краіны і ўмацаванне міжканфесійнага міру.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў арганізатарам пілігрымкі за гэтую патрэбную ініцыятыву і малітву ў інтэнцыі нашай краіны. Як падкрэсліў іерарх, ён перакананы, што пілігрымка прычыніцца да ажыўлення веры ў краіне, а таксама да яшчэ большага развіцця культу Маці Божай.
Пасля Імшы пілігрымка працягнулася. Копіі абразоў будуць правезены аўтамабільнымі дарогамі ўздоўж межаў Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч