Skip to main content

Пілігрымка ў Капцёўку

Каля тысячы вернікаў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі 18 верасня вырушылі ў пілігрымку да Маці Божай Яснагурскай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы. Гэта пілігрымка з нагоды пачатку навучальнага і катэхетычнага года робіцца ўсё больш папулярнай сярод дзяцей і моладзі Гродна.
foto 138Кс. Міхал Ластоўскі, пробашч парафіі Унебаўзяцця НПМ у Капцёўцы і ідэйны арганізатар пілігрымкі, мяркуе, што з кожным годам на Узгорак Надзеі прыходзіць усё больш людзей: “Гэту пілігрымку мы арганізоўваем ужо сёмы год, а ўласна дзіцячую – трэці. Трэба сказаць, што летась у пілігрымку рушыла каля васьмісот чалавек, а сёлета –ужо каля тысячы. Дзеці перажываюць пілігрымку па-свойму: яны моляцца, наведваюць святую Імшу, адгаворваюць ружанец, падчас якога складаюць свае просьбы і падзякі да Маці Божай. Дарослыя, магчыма, больш увагі надаюць духоўным і малітоўным перажыванням і разважанням”.

Дзеці і моладзь ідуць у пілігрымку да Маці Божай Яснагурскай, каб папрасіць бласлаўлення на будучы навучальны і катэхетычны год. Падчас пілігрымкі вернікі маглі скласці просьбы ці падзякі да Маці Божай, якія пасля агучваліся падчас малітвы на ружанцы. Дзеці і моладзь прасілі пераважна добрых адзнак, удалай сесіі, цярпення і натхнення ў вучобе. Часам інтэнцыі былі асабліва кранальныя: “Маці Божая, зрабі, калі ласка, каб мае бацькі ўзялі шлюб і пачалі хадзіць у касцёл”. Таксама часта гучалі просьбы аб навяртанні бацькі, брата, сястры ці іншых родных і блізкіх.

Сталыя ўдзельнікі пілігрымкі ў Капцёўку таксама адзначалі, што ўсё часцей пілігрымы вырушаюць да Маці Божай Яснагурскай цэлымі сем’ямі. Прыклад актыўнага духоўнага жыцця ідзе найперш ад бацькоў. Аднак часам акурат ад дзяцей пачынаюцца духоўныя змены ў сям’і і навучанне каталіцкай веры, што можна было ўбачыць у гэтай пілігрымцы да Маці Божай Яснагурскай. Хочацца верыць, што з кожным годам сюды будзе прыходзіць усё больш маладых гродзенцаў, і Маці Божая – Цярпліва Слухаючая на Узгорку Надзеі пачуе ўсе дзіцячыя просьбы і інтэнцыі.