Skip to main content

“Сужэнскі курс” прайшоў у Гродне

suzency 3У Гродне ўпершыню адбыўся “Сужэнскі курс”. Сустрэчы праходзілі раз у месяц у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) на працягу сямі месяцаў.

Гэты курс, удзельнікі якога – выключна сужэнцы, унікальны тым, што сустрэчы праводзяць сямейныя пары. Яго задачай з’яўляецца зблізіць сужэнцаў праз стварэнне атмасферы спаткання, схіліць да размоваў і вырашэння складаных пытанняў, якія, магчыма, не ляжаць на паверхні.

suzency 2

Курс быў арганізаваны супольнасцямі “Вучні-місіянеры благаслаўлёнага Каспера Штангасінгера” парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля і “Эхад” катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Духоўнікамі падчас сустрэч былі а. Андрэй Урублеўскі CSsR і кс. Андрэй Каўшук.

Тэмы курсу датычацца асноўных напрамкаў у сямейных адносінах – размовы, прабачэнне, сексуальныя адносіны, вырашэнне канфліктаў, адносіны з бацькамі і іншае. Лідары курсу ўводзяць у тэму, дзеляцца сваімі сведчаннямі. Удзельнікі ў парах выконваюць заданні, дыскутуюць на дадзеную тэму.

Па словах удзельнікаў, гэты час быў карысным досведам для іх адносінаў:

“Вельмі складана вылучыць час адно для аднаго, бо мы выкарыстоўваем кожную магчымасць па-за працай і якімісьці іншымі абавязкамі, каб быць разам з дзецьмі. Гэтага часу і так мала… Але які ж неабходны, які ж каштоўны час знаходжання разам з сужэнцам. Гаворка не толькі пра знаходжанне побач, але перш за ўсё пра кантакт, размовы. Сужэнскі курс быў нагодай для гэтых сустрэч удваіх”.

suzency 1

“На курсе быў зададзены напрамак па тэмах. Мы прывыклі размаўляць на бытавыя тэмы, вырашаць пытанні з дзецьмі, працоўныя, хатнія. Мы тым самым быццам бы клапоцімся адно пра аднаго, але часта здараецца неразуменне. Каштоўны быў абмен адказамі з жонкай. Калі мы абмяркоўвалі адказы, мы станавіліся бліжэй адно аднаму, бо закраналі часам вельмі інтымныя тэмы. Я навучыўся звяртаць увагу на тое, што яна перажывае”.

“Мы з жонкай узрастаем у Хрысце. Але гэта часта асацыюецца з дзвюма паралелямі – кожны сваім шляхам. Сужэнцам неабходны адпаведны пасілак для іх з’яднання. Вельмі важны досвед іншых хрысціянскіх сем’яў, іх сведчанні. Дзякуючы гэтаму курсу адносіны ў сужэнстве сталі прыярытэтнымі. Нам бы хацелася працягваць рэгулярныя размовы ў асяроддзі хрысціянскіх сем’яў”.

“Я ўсвядоміла патрэбы свайго партнёра. Мне не трэба яго прыладжваць пад свае чаканні. Пра гэтыя чаканні мы пачалі гаварыць адно з адным. Мы іх разам карэктуем”.

Ірэна Канарская