6 чэрвеня ў парафіі святога Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася ўрачыстасць Першай Камуніі.
Як паведамляе сайт парафіі, у гэты дзень упершыню прынялі Хрыста ў свае чыстыя, поўныя веры сэрцы сем дзяўчынак і два хлопчыкі.
Да гэтай падзеі ім дапамагалі рыхтавацца бацькі, пробашч парафіі ксёндз Віктар Захарэўскі і катэхетка Марына Бразевіч.
Дзеці ў белым убранні ў першы раз прынялі Цела і Кроў Хрыста, што з’яўляецца важным момантам у жыцці хрысціяніна.
Момантамі, якія ўпрыгожылі ўрачыстасць, сталі белыя кветкі, музыка і спеў у выкананні парафіянкі Ілоны Калпак, хлеб як сімвал веры і падарункі.
Для дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі, распачаўся Белы тыдзень. Кожны дзень яны будуць збірацца ў касцёле на святую Імшу і малітву.
Пробашч парафіі пажадаў дзецям, каб у іх ніколі не згасла вера ў Таямніцу Эўхарыстыі і каб Хлеб, які сышоў з неба, яны палюбілі ўсім сэрцам і розумам назаўсёды, а таксама каб іх бацькі сваім прыкладам спрыялі ў гэтым.