30 мая ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшло сямейнае свята для дзяцей і іх бацькоў.
Свята пачалося ўрачыстай Імшой, на якой адбылося прыняцце кандыдатаў у міністранты, а таксама прынясенне новымі ўдзельнікамі клубу св. Дамініка Савіо сваіх абяцанняў і іх аднаўленне старэйшымі ўдзельнікамі.
Пасля Імшы дзяцей і бацькоў чакалі гульні, дзякуючы якім можна было пазнаёміцца з рознымі святымі і весела правесці час. За кожную гульню ўдзельнікі атрымлівалі “надзейкі”, якія потым можна было абмяняць на салодкі пачастунак альбо падарунак.
На заканчэнне былі падведзены вынікі латарэі, у якой трое пераможцаў атрымалі падарункі для ўсёй сям’і.
Свята завяршылася супольным фотаздымкам і благаслаўленнем, якое ўдзяліў пробашч парафіі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB.
Кс. Артур Ляшнеўскі SDB