Skip to main content

Біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам найстарэйшай гродзенскай святыні

kanfirmacja bernardyny 6630 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі касцёл).

У найстарэйшай святыні горада іерарх падчас урачыстай Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў, якія былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтай падзеі.

У гаміліі біскуп казаў пра таямніцу гэтага дня – Найсвяцейшую Тройцу, адзінага Бога ў Трох Асобах.

Іерарх адзначыў, што ў гэты дзень мы асабліва ўшаноўваем Бога Айца, які ёсць у небе, які стварыў увесь свет і даў яго ў карыстанне чалавеку.

Пастыр дыяцэзіі дадаў, што мы ўшаноўваем таксама Божага Сына, Езуса Хрыста, які, будучы праўдзівым Богам, роўным Айцу ў боскай годнасці, стаў таксама праўдзівым Чалавекам і пасяліўся між намі. Акрамя гэтага, ушаноўваем Духа Святога, які быў абяцаны Хрыстом як наш Суцяшыцель, у дзень Пяцідзясятніцы сышоў на апосталаў, сабраных у Вячэрніку, і перамяніў іх сваёй моцай у бясстрашных, трывалых і паспяховых вестуноў Евангелля па ўсёй зямлі.

Біскуп падкрэсліў, што гэта найвялікшая таямніца нашай хрысціянскай веры, таямніца ўнутранага жыцця Бога.

“Перад ёю наш чалавечы розум адчувае сябе бездапаможным. Наша мысленне не здольнае яе агарнуць. Нашы словы не ў стане яе выразіць”, – сказаў іерарх.

Ён заўважыў, што мы, якія жывём на пачатку трэцяга тысячагоддзя, якія ганарымся такімі шматлікімі і цудоўнымі вынаходкамі, якія дасягаем далёкіх планет і зорак, у той жа час усведамляем, што чым больш мы пазнаём, тым больш адкрываецца перад намі новых таямніц і загадак.

“Чым больш адказаў мы знаходзім на пытанні, якія нас непакояць, тым больш новых пытанняў паўстае ў нашым розуме. Мы вывучаем правілы логікі і матэматыкі, ствараем усё больш дасканалыя машыны, камп’ютары, робатаў, аднак ніводзін мыслячы чалавек не адважыцца сказаць, што мы ведаем ужо ўсё”, – дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што нават сам для сябе чалавек застаецца нязведанай таямніцай: яго псіхіка, мысленне, духоўны свет, пачуцці, жаданні, эмоцыі, мары…

“Калі свет для чалавека застаецца неспасціжнай таямніцай, калі чалавек сам сябе не ў стане спазнаць, то ці можна здзіўляцца, што таямніцай для нас ёсць Пан Бог, што не можам спасцігнуць Яго ўсемагутнасці, мудрасці і любові?” – задаў пытанне іерарх.

kanfirmacja bernardyny 69

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, каб наблізіцца да таямніцы Найсвяцейшай Тройцы, трэба адкрыць на Яе сваё сэрца, бо любоў з’яўляецца ключом да гэтай таямніцы

“У любові мы спазнаём і сустракаем Бога, хоць і не можам агарнуць Яго розумам”, – дадаў біскуп, падкрэсліўшы, што Хрысту важна, каб мы былі паглыбленыя ў любоў Бога ў Тройцы Адзінага, каб удзельнічалі ўсё больш глыбока і поўна ў гэтай таямніцы Божай любові.

Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, біскуп Гродзенскі заахвоціў адкрыцца на Духа Святога, які распальвае любоўю чалавечыя сэрцы, робіць іх здольнымі зразумець і прыняць Божую любоў.

“Развівайце гэтую любоў у сабе, не дазвольце, каб якоесьці зло яе заглушыла, робячы вас абыякавымі і нячулымі да гэтага найвялікшага дару. Вучыцеся прымаць з радасцю і ўдзячнасцю ўсё, што Бог Айцец вам дае”, – сказаў іерарх.

На заканчэнне Імшы парафіяльная супольнасць на чале са сваім пробашчам кс. прэлатам Антоніем Ханько і яго вікарыямі выказала біскупу сардэчныя віншаванні з нагоды 45-годдзя з часу прэзбітэрскага пасвячэння, якое пастыр дыяцэзіі адзначаў у гэты дзень.

Кс. Юрый Марціновіч