Дзеці і моладзь парафіі ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат) з нагоды набліжэння ўрачыстасці Цела і Крыві Хрыста падрыхтавалі пантаміму пра святую Юліяну ад Божага Цела.
Святая Юліяна нарадзілася ў XII стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Бельгіі. Яна была манахіняй, якая належала да закону святога Аўгустына. Аднойчы на малітве ёй было аб’яўленне месяца з трэшчынай. Пан Езус вытлумачыў, што гэтая трэшчына азначае недахоп урачыстасці Божага Цела ў Касцёле. Праз сястру Юліяну Збаўца жадаў, каб ва ўсім Касцёле аддавалася пашана Яго Найсвяцейшаму Целу і Найдаражэйшай Крыві.
Прайшоўшы шмат выпрабаванняў, але з дапамогай прыхільных святароў, святая Юліяна змагла выканаць загад Пана. Таму ў 1246 годзе святкаванне Божага Цела ўпершыню праходзіла ў дыяцэзіі ў Льежы, а ў 1264 годзе – ва ўсім Касцёле.
На заканчэнне пантамімы маладыя парафіяне заспявалі песню праслаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і заахвоцілі ўсіх прысутных у касцёле да шчырай малітвы і плённай падрыхтоўкі да адпустовай урачыстасці Божага Цела.
Анастасiя Мазец