Skip to main content

У знак падзякі Каралеве з Фацімы

0054qf7d13 верасня ў Шчучыне адбылася парафіяльная ўрачыстасць з нагоды 20-годдзя каранацыі фігуры Маці Божай Фацімскай. Каранацыю на Яснай Гары ў Чанстахове ажыццявіў Святы Айцец Ян Павел II.

Святочную літургію ўзначаліў кс.бп Аляксандр Кашкевіч. Нягледзячы на тое, што набажэнства адбывалася ў будні дзень, шчучынская святыня не змагла змясціць той вялікай колькасці вернікаў, якія сабраліся тут у знак вялікай пашаны да сваёй апякункі.
На пачатку набажэнства з прывітальным словам звярнуўся да ўсіх прысутных а. Вітольд Петэльчыц. Ён распавёў пра дзейнасць айцоў піяраў, якія не толькі садзейнічалі аднаўленню шчучынскай парафіі, але і актыўна распаўсюджвалі культ Маці Божай, прапаведуючы ідэю “Per Mariam ad maiorem Dei gloriam” – “Праз Марыю да вялікай хвалы Божай”. Айцец Вітольд падкрэсліў, што “шчучынская парафія пераняла і працягвае традыцыі піярскай калегіі, а Марыйны культ паўплываў на ўзрастанне веры і хрысціянскага ладу жыцця сярод людзей”.

Потым адбылася св. Імша, якую цэлебраваў кс.бп Аляксандр Кашкевіч. З гаміліяй звярнуўся да вернікаў кс.бп Антоні Дзям’янка, які адзначыў, што вось ужо 20 год людзі з вялікім даверам прыходзяць да Фацімскай Маці Божай ў выяве прыгожай фігуры, якая займае сваё пачэснае месца над галоўным алтаром святыні, і просяць аб ласках. “Марыя, поўная ласкі і міласэрнасці, – сказаў ксёндз біскуп, – кожнага суцяшае і прыходзіць на дапамогу тым, хто патрабуе апекі. Яна знішчае бязвер’е і сумненні ў нашых, часам нячулых, сэрцах”.

Напрыканцы ўрачыстасці адбылося фацімскае набажэнства, падчас якога вернікі разам са святарамі рушылі ў працэсіі вакол касцёла. Пасля пад ўзнёслае «Ave Maria» яны вярнуліся ў святыню з запаленымі свечкамі ў руках, каб атрымаць бласлаўненне і яшчэ раз ў малітве падзякаваць Каралеве з Фацімы за магчымасць працаваць, любіць, радавацца жыццю з Богам.