24 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, каля прыдарожнай капліцы ў Цвермах побач з Лідай адбылася ўрачыстая святая Імша.
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй аўтобуснай пілігрымкі ў Цвермы з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе не было, але гэта не паўплывала на колькасць вернікаў: людзі прыехалі ўласнымі сродкамі транспарту.
Эўхарыстыю цэлебраваў ксёндз Анджэй Ганчар, які паходзіць з Ліды, а зараз служыць на місіях.
Пробашч лідскай Фары ксёндз канонік Уладзімір Гуляй прывітаў усіх прысутных і выказаў радасць, што іх сабралося так шмат. Святар растлумачыў сэнс і важнасць гэтага месца.
Гамілію прамовіў вікарый лідскай Фары ксёндз Павел Безляповіч. Ён паразважаў над словамі Евангелля і сэнсам успаміну Марыі, Маці Касцёла, адзначыў, што для кожнага чалавека крыж – знак збаўлення, таму мы таксама павінны навучыцца прымаць усе цяжкасці і перашкоды.
На месцы капліцы ў Цвермах раней стаяла капліца, пабудаваная кс. Гіпалітам Баярунцам і вернікамі. Капліца была добра вядомай з прычыны цудаў, якія там адбываліся. Вернікі, молячыся каля крыжа, які быў у капліцы, атрымлівалі асаблівыя ласкі. З кожным годам сюды прыязджае ўсё больш людзей. Гэта месца, дзе падчас Імшы навокал чутны спеў птушак, дзе дыхаеш свежым паветрам. Ксёндз Уладзімір Гуляй назваў яго “месцам, дзе спыняецца час”.