8 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.
Падчас урачыстай Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі гэтай парафіі, вернікам парафій Перамянення Пана ў Селіванаўцах i Маці Божай Ружанцовай у Лабне.
Бацькі маладых людзей, узбагачаных у гэты дзень сямю дарамі Духа Святога, на пачатку літургіі звярнуліся да біскупа з просьбай аб удзяленні іх дзецям сакрамэнту. Яны адзначылі, што глядзяць на сваіх дзяцей з непакоем, але і даверам, бачаць іх непакой, а таксама дасканала ўсведамляюць, што толькі Хрыстус прыносіць шчасце чалавеку.
Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі тых, хто прымаў сакрамэнт, і іх парафіяльных супольнасцяў.
“Без дапамогі Духа Святога нам было б неверагодна цяжка верыць, маліцца, жыць у праўдзе, справядлівасці і любові, перамагаць уласныя памылкі і слабасці, змагацца з грахом, спаўняць добрыя ўчынкі, узрастаць у любові да Бога і бліжняга”, – сказаў у гаміліі іерарх, тлумачачы ролю Духа Святога ў жыцці кожнага хрысціяніна.
Біскуп дадаў, што сакрамэнт хрысціянскай сталасці патрэбны чалавеку, каб той добра разумеў, для чаго жыве, чаго павінен жадаць і што павінна быць найважнейшай мэтай жыцця.
Падчас намашчэння алеем хрызма вернікі абавязаліся быць, як апосталы, “сведкамі ў Ерузалеме, усёй Юдэі і Самарыі ажно да краю зямлі” – у сваім асяроддзі, на месцах вучобы і працы, пазбаўляючыся страху, які часта напаўняе сэрцы маладых людзей, і набываючы энтузіязм і ахвоту да жыцця.
На заканчэнне Імшы тыя, хто прыняў сакрамэнт, выказалі падзяку біскупу, святарам і сёстрам законным, якія рыхтавалі іх падчас урокаў катэхезы. Таксама яны запэўнілі, што жадаюць далей падтрымліваць дух святой веры, каб нявер’е не заглушала Бога ў іх сэрцах.
Кс. Юрый Марціновіч