25 красавіка ў Пераломе каля Гожы, на мяжы з Літвой, адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Юрыя.
У гэты дзень у невялікай драўлянай капліцы, дзе нават няма электрычнасці, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У святыні, якая ажывае практычна два разы на год – у адпустовыя ўрачыстасці св. Юрыя і Імя Марыі, – сабраліся вернікі. Карэнных жыхароў засталося вельмі мала, пераважна там знаходзяцца дачнікі. Але ў гэты дзень на свята прыбылі вернікі, для якіх важнае гэтае месца. Як зазначаюць яны самі, там асаблівым чынам адчуваецца Божая прысутнасць, а мясціны, дзе знаходзіцца капліца, вакол якой лес, спрыяюць засяроджанню і малітве.
Прыбылі таксама браты капуцыны з Докшыц, пераадолеўшы 350 км шляху, бо для іх гэтае месца, якое яны называюць сваёй “калыскай”, асабліва важнае. Менавіта ў Пераломе капуцыны з’явіліся на пачатку мінулага стагоддзя, у 1930-я гады пабудаваўшы там драўляны кляштар. Капуцыны пастаянна жылі ў Пераломе да 1955 г., а апошні з іх, брат Крыспін, жыў у пустэльні, калі там ужо не было ні касцёла, ні кляштара, да 1984 г.
Сёння на месцы кляштара драўляная капліца, узведзеная дзякуючы старанням вернікаў у 1990-я гады, і невялікі дом, які мясцовыя жыхары і дачнікі называюць “капуцынавай хатай”. Ад старога касцёла засталіся фундамент, сутарэнні і вялікі крыж, які стаіць на пагорку. На месцы ўваходу ў ранейшую святыню знаходзіцца помнік з надпісам, які паведамляе, што тут былі кляштар і касцёл капуцынаў.
Падчас Імшы ў гонар св. Юрыя біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў вернікаў да асаблівай малітвы за святароў і аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле, бо ў гэтую нядзелю ў паўсюдным Касцёле адзначаўся Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.
У гаміліі пробашч парафіі ў Докшыцах а. Віталій Бандаронак OFMCap казаў пра тое, як важна адкрыцца на Бога, які заўсёды звяртаецца да чалавека. Святар заклікаў даручаць усе свае клопаты Пану, які здольны нават самыя вялікія пакуты перамяніць у радасць.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў мясцовым вернікам, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ў Пераломе ўсё менш, за іх прывязанасць да касцёла і вернасць Богу. Іерарх падзякаваў ім таксама за тое, што яны клапоцяцца пра святыню, прыгожую сваёй прастатой і сціпласцю.
Біскуп прызнаўся, што часам прыязджае сюды “ціха”, каб памаліцца ў прыватным парадку і на ўлонні прыроды адпачыць ад штодзённых справаў і абавязкаў.
Пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы, на тэрыторыі якой знаходзіцца гэтае ўнікальнае месца, на заканчэнне ўрачыстасці падзякаваў усім за прыбыццё і супольную малітву.
Святар падзякаваў таксама вернікам, якія клапоцяцца пра гэты Божы дом, каб ён заўсёды быў дагледжаны і прыгожы. Парафіяне сапраўды з вялікім клопатам ставяцца да гэтага месца. Перад адпустовай урачыстасцю яны зрабілі ў святыні генеральную ўборку, упрыгожылі яе першымі веснавымі кветкамі, каб кожны, хто прыбудзе на свята, захацеў вярнуцца сюды яшчэ раз.
Кс. Юрый Марціновіч