23 красавіка ў парафіі ў Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі святога Юрыя, мучанікa. Вернікаў парафіі наведалі ў гэты дзень Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, шматлікія святары і госці.
Як паведамляецца на парафіяльным сайце varnyany.www.by, вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім сустрэлі біскупа на ўездзе ў мястэчка, дзе іерарх благаславіў нядаўна ўстаноўленыя крыж і фігуру Маці Божай.
Галоўным момантам урачыстасці стала святая Імша ў касцёле, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. Далучыцца да яе мелі магчымасць усе жадаючыя з дапамогай “Радыё Марыя” ў Беларусі, якое арганізавала прамую трансляцыю.
Падчас Імшы біскуп заклікаў вернікаў у гэты святочны дзень дзякаваць і прасіць у святога Юрыя Божага благаслаўлення для кожнага, сілы і моцы, каб мы былі рыцарамі Хрыста, каб сэрца кожнага было напоўнена любоўю, еднасцю, прабачэннем.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Пробашч выказаў падзяку за дар супольнай малітвы і павіншаваў усіх, хто носіць імя Юрый. Парафіяне падзякавалі біскупу Юзафу Станеўскаму за тое, што ён знайшоў час завітаць у іх супольнасць у гэты дзень.
Звяртаючыся да дапаможнага біскупа дыяцэзіі, вернікі выказалі словы ўдзячнасці ардынарыю дыяцэзіі біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу за тое, што год таму ён прызначыў у іх парафію такога руплівага пробашча.
Парафіяне, якія прычыніліся да ўсталявання крыжа і фігуры Маці Божай (Станіслаў Віюк, Сяргей Адула, Віктар Барысевіч), атрымалі ад біскупа Юзафа Станеўскага падзяку і благаслаўленне з пажаданнем шчодрых Божых ласкаў.