Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія вернікі дыяцэзіі!
У мінулы аўторак, 13 красавіка, мы адзначалі 30-годдзе ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды хачу скіраваць да вас, дарагія браты і сёстры, маё пастырскае слова, з надзеяй, што яно абудзіць у вашых сэрцах глыбокае і шчырае жаданне праслаўляць Пана Бога і дзякаваць Яму за наш Касцёл на Гродзеншчыне, а таксама за ўсё духоўнае дабро, якое на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў стала нашым удзелам.
Гродзенская дыяцэзія была паклікана да існавання рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ 13 красавіка 1991 года. Гэтая правідэнцыйная падзея ў жыцці Каталіцкага Касцёла на нашых землях стала магчымай дзякуючы грамадска-палітычным пераменам у былым Савецкім Саюзе, якія мелі месца на пераломе 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя і ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “перабудова”. Выкарыстоўваючы гэтыя пазітыўныя змены, Святы Айцец стварыў на Беларусі асноўныя касцёльныя структуры, пад назвай дыяцэзій, якія даручыў пастырскаму клопату новапрызначаных біскупаў. Такім чынам у гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашых тэрыторыях распачаўся новы раздзел, які можна назваць часам адраджэння і дынамічнага развіцця рэлігійнага жыцця.
Нашы вернікі сярэдняга і старэйшага ўзросту памятаюць, як выглядала жыццё Касцёла на Гродзеншчыне ў пасляваенныя гады, перш чым з’явілася Гродзенская дыяцэзія. Большасць святыняў была забрана ў Касцёла і прызначана для свецкага выкарыстання або проста зруйнавана. У многіх парафіях не было душпастыра, а нешматлікія святары, якія выконвалі душпастырскае служэнне, былі пераважна пажылога ўзросту, хворыя, змучаныя працай звыш сілаў. Асабліва забаранялася Касцёлу дзейнасць катэхетычная і выхаваўчая, каб такім чынам зрабіць немагчымай перадачу веры дзецям і моладзі.
Tрэба, аднак, сказаць, што, нягледзячы на такія вельмі неспрыяльныя знешнія ўмовы, жывая вера і прывязанасць да Касцёла выжылі ў сэрцах вернікаў. Ва ўмовах пастаўленых перад Касцёлам перашкодаў і абмежаванняў у правядзенні душпастырскай дзейнасці асноўная перадача веры здзяйснялася найперш у хрысціянскіх сем’ях. Чарговыя пакаленні вернікаў ад уласных бацькоў, дзядуляў і бабуляў вучыліся малітве, пазнавалі праўды веры з катэхізіса, чулі заснаванае на Божым слове бачанне чалавека і свету.
Гэтая традыцыйная, вынесеная з роднага дому, глыбока ўкаранёная ў сэрцах вера стала трывалым фундаментам, на якім з хвіліны ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі распачалося адбудоўванне рэлігійнага і касцёльнага жыцця. Сёння, з перспектывы мінулых трох дзесяцігоддзяў, варта зірнуць на пройдзены намі шлях, каб убачыць, як шмат удалося ў гэты час з Божай дапамогай здзейсніць.
Дзякуючы дзейнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, утворанай на некалькі месяцаў раней за дыяцэзію, была вырашана найбольш драматычная праблема – востры недахоп святароў. Большасць святароў, якія спаўняюць сёння з запалам і руплівасцю душпастырскае служэнне ў нашых парафіях, з’яўляюцца выпускнікамі гродзенскай семінарыі, штогод жа некалькі новапасвячаных святароў павялічваюць шэрагі духавенства нашага мясцовага Касцёла.
Словы глыбокай удзячнасці належаць і святарам з законных супольнасцяў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у справу адраджэння веры на нашых землях і чыя прысутнасць і руплівае душпастырскае служэнне ўзбагачаюць духоўна наш Касцёл на Гродзеншчыне.
Немагчыма не ўзгадаць тут з удзячнасцю таксама дыяцэзіяльных святароў і святароў з законных супольнасцяў, якія ў першыя гады існавання Гродзенскай дыяцэзіі прыбылі да нас з душпастырскай дапамогай з-за мяжы і дзякуючы якім працэс адраджэння рэлігійнага жыцця адзначаўся вялікім дынамізмам, нягледзячы на першапачатковы недахоп мясцовых святароў.
У 90-я гады мінулага стагоддзя была вернута большасць забраных у вернікаў святыняў, якія часта былі разбураны і патрабавалі дарагога рамонту. Дзякуючы вялікаму ўдзелу душпастыраў і вернікаў, пры дапамозе шматлікіх ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, у адносна кароткі час гэтыя святыні былі адрамантаваны, ім вярнулі годны выгляд і забяспечылі неабходным абсталяваннем.
У многіх мясцовасцях Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ў новых раёнах Гродна і іншых вялікіх гарадоў былі ўтвораны парафіі, пабудаваны – і працягваюць будавацца – касцёлы і капліцы.
Найбольш жа цешыць факт, што адраджаецца і развіваецца “жывы” Касцёл: дзеці і моладзь ахоплены сістэматычнай катэхізацыяй; праводзіцца духоўная фармацыя дарослых; дзейнічаюць шматлікія спецыяльныя душпастырствы, кансультацыі і курсы сямейнага жыцця, малітоўныя групы, валантарыят, апостальскія таварыствы свецкіх асобаў; рэгулярна адбываюцца пілігрымкі, рэкалекцыі, дні дзяцей і моладзі, парафіяды.
У межах дыяцэзіяльных структур функцыянуюць між іншым: Тэалагічны каледж св. Казіміра, які дае свецкім вернікам магчымасць паглыблення рэлігійных ведаў; дыяцэзіяльны “Caritas”, які праводзіць шырокую дабрачынную дзейнасць; каталіцкія СМІ, якія інфармуюць пра жыццё паўсюднага і мясцовага Касцёла; касцёльны суд, які разглядае сапраўднасць сакрамэнту сужэнства.
Дарагія браты і сёстры!
Я ўзгадаў тут толькі некаторыя з вялікіх зменаў, якія мелі месца ў жыцці нашага Касцёла на Гродзеншчыне на працягу апошніх 30 гадоў. Тое, што сёння здаецца нам нармальным і відавочным, яшчэ адносна нядаўна перавышала самыя смелыя мары. Як жа тут не прывесці словы псальма: “Калі Пан перамяніў лёс Сіёна, мы былі, быццам у сне. Вусны нашыя тады былі поўныя смеху, а язык спяваў з радасці” (Пс 126, 1)! Як жа не ўсклікнуць разам з псальмістам: “Праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых” (Пс 118, 23)!
Сёння, як пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, хачу падзякаваць вам усім, хто ўтварае супольнасць нашага мясцовага Касцёла: духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам. Дзякую за супольна пройдзены шлях і за тое, чым кожны з вас прычыніўся да развіцця Касцёла на Гродзеншчыне: за вашы малітвы і працу, за цярпенні і ахвяры, за сведчанне веры і вернасці Пану Богу, за асабісты ўдзел і руплівую рэалізацыю ўласнага паклікання. Няхай Добры Бог усіх за ўсё шчодра ўзнагародзіць.
Горача заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, асабіста дзякаваць Пану Богу за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама за незлічоныя дары і ласкі, якімі ў гэты час Ён у сваім Провідзе пажадаў нас адарыць.
Будзем ганарыцца нашым маладым Касцёлам на Гродзеншчыне і ўчынім усё, што ў нашых сілах, каб ён яшчэ больш развіваўся, выспяваў духоўна і прыпадабняўся да свайго Пана і Абранніка, Езуса Хрыста.
Усіх вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, на штодзённае ўзрастанне ў святасці з усяго сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі