10 красавіка ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) адбылася юбілейная ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця с. Вольгі Данькоўскай CSFN.
Сястра паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску. Служыла ў многіх месцах Беларусі, а таксама ва Украіне. У апошні час служыла пры Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, а цяпер будзе ў Гродне.
На ўрачыстасці сабраліся сёстры назарэтанкі, бацькі і родныя сястры Вольгі, святары і вернікі, якія пажадалі ў гэты дзень падтрымаць яе сваімі малітвамі і падзякаваць Богу за яе жыццё і служэнне.
Урачыстую Імшу падзякі ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які адразу пасля прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння быў вікарыем у роднай парафіі юбіляркі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што кансэкраванае жыццё – пакліканне да вернай паслухмянасці кожны дзень, а ісці за Езусам з’яўляецца не такім рашэннем, якое прымаецца раз і назаўсёды, а штодзённым выбарам.
Звяртаючыся да сястры Вольгі, дапаможны біскуп дыяцэзіі падкрэсліў, што аднойчы яна адчула на сабе позірк Езуса, які запрасіў яе да дыялогу, на што яна адказала з раскрытымі абдымкамі і адважна прыняла дар Пана.
Біскуп заахвоціў назарэтанку нястомна дзякаваць за гэты дар і ласку Усемагутнаму Богу і не расставацца з Ім, бо Ён крыніца надзеі.
На заканчэнне ўрачыстасці сястра Вольга выказала ў сваім слове ўдзячнасць Пану за ўсе атрыманыя ад Яго ласкі. Яна выказала таксама словы ўдзячнасці сваім бацькам за іх прыклад веры і малітоўнае суправаджэнне, сёстрам з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, да якой яна належыць, святарам і ўсім прысутным.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі