Skip to main content

Урачысты пачатак новага навучальнага года ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі

Чарговы, 22-і, акадэмічны год у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі быў урачыста распачаты 10 верасня. Падчас урачыстасці ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў 6-ці навучэнцам-першакурснікам заліковыя кніжкі.

- Свет сёння патрабуе вас, - сказаў падчас уступнага слова ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч. - Ён патрабуе выдатных, святых святароў, ён патрабуе вашай святасці і вашага аўтэнтычнага хрысціянскага сведчання. Таму што відаць, што людзі 21-га стагоддзя больш ахвотна слухаюць сведкаў, чым тых, хто павучае, і больш падатлівы на жывы прыклад, чым слова.

Ксёндз біскуп пажадаў алюмнам 1 курса быць вернымі свайму пакліканню да канца і зычыў алюмнам, каб іх сэрцы перапаўнялі радасць і малады энтузіязм.

Ксёндз рэктар Юзаф Станеўскі, вітаючы першакурснікаў, адзначыў:

- Мы знайшлі Пана Езуса, а дакладней, Ён знайшоў нас. Таму чым больш мы дазваляем, каб гэтая любоў закранула нас у нашым сакраментальным, малітоўным, навуковым жыцці і ў вольным часе, тым больш мы здольны зразумець, што фактычна знайшлі сапраўдную жамчужыну. Усё іншае не лічыцца. Усё з’яўляецца важным настолькі, наколькі гэта дар любові Бога. Калі я трываю ў гэтай любові, то я сапраўды багаты.

Валерый Кароль з Воўпы – адзін з тых шасці першакурснікаў, хто атрымаў заліковую кніжку і распачынае вучобу ў семінарыі.

- Я мару, як і кожны алюмн, стаць сапраўдным святаром. Гэта значыць такім, які забывае пра самога сябе, але заўсёды памятае пра Бога; памятае пра тое, што ён патрэбны людзям.

Пра свае хваляванні перад пачаткам вучобы Валерый сказаў так:

- Былі на самым пачатку нейкія трывогі і сумненні: ці радуе мяне мой выбар, ці я буду здольны заўсёды жыць у духоўнай чысціні. Але Бог дае сілы і суцяшэнне, і таму я адчуваю сябе на сваім месцы, я шчаслівы.  Голас паклікання я пачуў дзесьці ва ўзросце 14-15 гадоў. Спачатку былі радасць і страх: думаў, што не дам рады крочыць гэтай дарогай. Але ведаў адно: калі Бог дае крыж, то Ён дае і сілы яго несці, таму што ведае, дзе ты будзеш шчаслівы. Я аддаваўся Богу, чуў Яго заклік, і таму прыйшоў вучыцца ў семінарыю.