Літургічная служба алтара парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі дзве ночы стаяла ў ганаровай варце, аберагаючы Гроб Пана.
Гэтая варта мае назву “старожкі” і нагадвае аб тым, як аберагалі Гроб Пана рымскія салдаты: “Яны адышлі і засцераглі магілу, запячатаўшы камень і паставіўшы варту” (Мц 27, 66). “Старожкі” адбываюцца ў іўеўскай святыні ўжо амаль чвэрць стагоддзя, праходзячы ў ноч з Вялікай пятніцы на Вялікую суботу і ў ноч Змёртвыхпаўстання Пана.
Міністранты рознага ўзросту загадзя рыхтуюцца да гэтай ініцыятывы: рыхтуюць форму і месца для адпачынку. Каля Гробу юнакі стаяць па чарзе, удваіх, апранутыя ў касцюмы рымскіх жаўнераў, трымаючы ў руках кап’ё і шчыт.
“Для кожнага міністранта, на маю думку, старажыць пры гробе Пана – значыць, перш за ўсё, напэўна, быць тым, хто не пакінуў Езуса, а прыйшоў да Яго, быць тым, хто хоча вартаваць Пана памерлага, спадзеючыся на Яго Змёртвыхпаўстанне. Ну і, канечне, быць сведкам тых падзей”, – падзяліўся адзін з удзельнікаў “старожак” Раман Манулік.
Раман Ярмош