Skip to main content

Крок на шляху да святарства

Падчас урачыстага пачатку 22-га акадэмічнага года ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі алюмны трэцяга курса ўпершыню апранулі сутаны, якія напярэдадні асвяціў падчас ўрачыстай св. Імшы ў капліцы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Цырымонія аблучынаў – гэта першы крок у жыцці студэнта-семінарыста на шляху да святарства. У гэты час алюмны заканчваюць цыкл вывучэння філасофскіх навук і распачынаюць знаёмства з тэалагічнымі дысцыплінамі. Аднак тое, што малады чалавек апрануў сутану, яшчэ не азначае, што ён стаў духоўнай асобай. Гэта толькі знешняя праява намеру, які мае ў сэрцы будучы святар. Праз год семінарысты пройдуць абрад лектарату, пасля – акалітату, а яшчэ пазней – кандыдатуры, падчас якога публічна абвесцяць Касцёлу, што знаходзяцца на правільным шляху, які свядома абралі; і ў хуткім часе будуць асвечаны на дыяканаў.

Для Дзяніса Бразінскага, алюмна 3-га курса семінарыі, гэты крок быў вельмі хвалюючым момантам:

- Па-першае, гэта вельмі важны, адказны момант у маім жыцці, таму я перажываю. У першую чаргу, безумоўна, радасць, бо праз некалькі гадзін я ўпершыню апрану вопратку духоўнай асобы і змагу сваім выглядам сведчыць пра Езуса і Яго Касцёл. Гэта вельмі важны этап у развіцці майго паклікання.

Дзяніс адзначыў, што самае цяжкае ў дзейнасці святара, на яго погляд, – гэта быць адкрытым для людзей і не займацца лішнімі справамі, а заўсёды канцэнтравацца толькі на святарскай дзейнасці.