Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у велікодную раніцу ўзначаліў Імшу ў гродзенскай катэдры

rezurekcja katedra 3Раніцай 4 красавіка, ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На пачатку літургіі па прычыне пандэміі не адбылося рэзурэкцыйнай працэсіі. Вернікі сабраліся на Імшы, каб разам “убачыць і паверыць”, што Хрыстус уваскрос, працягвае жыць і дзейнічаць у сваім Касцёле.

Біскуп Аляксандр у гаміліі падкрэсліў, што ўваскрасенне Езуса Хрыста напаўняе радасцю і надзеяй сэрца кожнага веруючага, а таксама мае для ўсіх нас велізарнае значэнне ўжо зараз, у нашым зямным жыцці.

“Дзякуючы ўваскрасенню, у выніку сакрамэнту хросту мы паўсталі з мёртвага стану першароднага граху, уваскрэслі з жыцця язычніцкага, бязбожнага, пазбаўленага веры і надзеі – і сталіся Божымі дзецьмі, спадкаемцамі вечнага збаўлення”, – сказаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што дзякуючы сакрамэнтальнай ласцы наша жыццё ўжо зараз можа быць сведчаннем Хрыстовага ўваскрасення, калі мы будзем мужна прабываць з нашым Панам, адбіваючы напады д’ябла і перамагаючы ўласныя слабасці.

rezurekcja katedra 16

На заканчэнне літургіі біскуп пажадаў вернікам, каб сёлетнія святы, якія адзначаюцца ў другі раз у ценю пандэміі, былі, нягледзячы на тое, што мы перажываем – радасць ці смутак – спакойнымі і радаснымі, каб кожны мог спазнаць радасць, якая паходзіць з пустой магілы Езуса Хрыста.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Максімільян Пік