Увечары ў Вялікую суботу, 3 красавіка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы) урачыстую літургію Пасхальнай вігіліі.
Гэтая багатая па змесце літургія, якая з’яўляецца цэнтральнай часткай Пасхальнага Трыдууму, складалася з літургіі Святла, літургіі слова, літургіі хросту і Эўхарыстычнай літургіі.
На пачатку адбылося благаслаўленне агню, ад якога затым быў запалены пасхал – сімвал Уваскрослага Хрыста. Пасхал урачыста ўнеслі ў святыню. Такім чынам было падкрэслена, што з уваскрасеннем Хрыста ў свет прыходзіць новае святло, пачынаецца дзень, які не будзе мець канца.
У гаміліі біскуп прапанаваў вернікам паразважаць крыху над насычанай сімволікай літургіі і багатым зместам Божага слова, каб зразумець і адчуць сэрцам найважнейшае пасланне гэтай святой ночы.
Іерарх падкрэсліў, што Божая любоў, якая ўпершыню рассеяла цемру небыцця ў хвіліну стварэння, асвятляе наш свет, калі мы носім у сабе святло дабрыні, любові і праўды і дзелімся ім з іншымі.
Біскуп заахвоціў, “каб мы былі здольныя, як палаючая свечка, згараць для іншых, ахвяраваць штосьці з сябе, стаць дарам для бліжніх”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што праўда пра ўваскрасенне датычыць непасрэдна кожнага чалавека, бо гэта праўда пра нашу будучыню, наша прызначэнне.
“З таго моманту, як Сын Божы ўваскрос, у нашым жыцці змянілася ўсё. Толькі звонку, на першы погляд здаецца, што ўсё так, як было дагэтуль”, – дадаў іерарх.
Ён заўважыў, што праўда пра ўваскрасенне – найвялікшая надзея нашага жыцця. “Калі разам з Хрыстом мы паміраем, разам з Ім будзем жыць. Будзем жа святкаваць Вялікдзень у радасці, у веры і надзеі”, – сказаў біскуп, падкрэсліўшы, што кожная хвіліна нашага жыцця, нават калі яна цяжкая і балючая, набліжае нас на вечнай Пасхі, да канчатковага пераходу з Хрыстом ад смерці да жыцця.
На заканчэнне літургіі пробашч парафіі кс. Аляксандр Раманоўскі падзякаваў біскупу за правядзенне сёлетніх набажэнстваў Пасхальнага Трыдууму з вернікамі гэтай парафіяльнай супольнасці, якая такім чынам адчувае, што ў гэтым годзе яна ў прывілеяваным становішчы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Андрыйчук