Увечары 3 красавіка, у Вялікую суботу, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася літургія Пасхальнай вігіліі.
Гэтая літургія, прымеркаваная да цудоўнай ночы, калі мы радасна ўсклікаем: “Хрыстус уваскрос!”, з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй у літургічным годзе. Імшу цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі разам са святарамі катэдры.
Імша распачалася літургіяй святла. Біскуп благаславіў перад касцёлам агонь, ад якога запальваецца пасхал – сімвал Хрыста. На пасхальнай свечцы біскуп адзначыў крыж і літары А (альфа) i Ω (амега), якія сімвалізуюць, што на пачатку быў Бог і Ён прыйдзе напрыканцы як міласэрны суддзя.
Ад пасхала вернікі запалілі свае свечкі. Святло пасхальнай свечкі, якая асвятляе цёмны касцёл, мае сімволіку: нагадвае пра Хрыста, які рассейвае цемру чалавечага жыцця, надаючы яму сэнс, а таксама пра стварэнне свету, калі ў цемры заззяла святло.
У гаміліі біскуп адзначыў, што разуменне праўды пра ўваскрасенне становіцца магчымым для чалавека найперш праз веру і хрост, які з’яўляецца адраджэннем да новага жыцця.
Іерарх дадаў, што ў гэтыя святы трэба абудзіць у сабе вялікае жаданне неба, бо “мы пакліканы да жыцця ў небе і таму шукаем таго, што ў вышынях, і сумуем па небе”.
Па словах біскупа, Уваскрослы Пан напоўніў сэрцы сваіх вучняў моцай з вышыняў, каб яны адважна абвяшчалі Яго пасланне. Іерарх заахвоціў адкрыцца на Пераможцу, які прыходзіць і які здольны ўліць у сэрцы жаданыя мір і надзею, а таму заахвоціў шукаць Яго, каб смерць не паклала канец нашай надзеі.
Падчас літургіі хросту адбылося благаслаўленне хрысцільнай вады і аднаўленне абяцанняў хросту. Прысутныя вернікі ўзгадалі ў гэты час свой уласны хрост, выракліся зла і вызналі веру.
На прыканцы біскуп пажадаў усім радасных святаў. Ён пажадаў таксама, каб у кожным сэрцы заззяла надзея, якая дазволіць ісці далей і рэалізоўваць сваё пакліканне.
На заканчэнне Эўхарыстыі была адноўлена адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая будзе працягвацца ўсю ноч да ўрачыстай ранішняй Імшы.
Вольга Сяліцкая