2 красавіка, у Вялікую пятніцу, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося набажэнства Мукі Пана, у якім асабліва ўшаноўваецца дрэва Крыжа. Вялікая пятніца – адзіны дзень у літургічным годзе, калі не цэлебруецца святая Імша.
Перад пачаткам набажэнства ў святыні адбыўся Крыжовы шлях. Яго ўжо традыцыйна правялі святары, якія служаць у катэдральнай парафіі, на чале з яе пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.
Набажэнства Мукі Пана, якое ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, складалася з трох частак: літургіі слова, адарацыі Крыжа і святой Камуніі.
Галоўнае месца ў ім займала адарацыя Крыжа. Заслонены фіялетавай тканінай крыж быў усталяваны перад алтаром. Біскуп паступова адсланяў крыж, тройчы спяваючы: “Вось дрэва Крыжа, на якім здзейснілася збаўленне свету”, на што прысутныя адказвалі: “Пойдзем з паклонам”.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Бог у Крыжы Хрыста жадае перамяніць наша цярпенне ў наш шанц. “Паверыць ва Укрыжаванага – значыць паверыць, што ў свеце прысутнічае любоў і што гэтая любоў мацнейшая за зло”, – адзначыў іерарх.
Ён дадаў, што дзякуючы гэтай любові хрысціянін не глядзіць здалёк на ўкрыжаванага Езуса, а ідзе за Ім на Кальварыю.
“Гэта любоў дапамагае зразумець Божы план збаўлення, тое, што кожны, хто любіць, нарадзіўся з Бога і ведае Бога. (...) Гэта любоў вядзе нас да з’яднання з Хрыстом, які робіць магчымым супрацоўніцтва з Ім у збаўленні не толькі сябе самога, але і іншых”, – сказаў іерарх.
Генеральны вікарый дыяцэзіі заклікаў адараваць Крыж позіркам сэрца, незалежна ад адлегласці да яго, а таксама заняць сваё месца пад ім.
“Сёння, калі на нашым жыццёвым шляху мы распазнаем Хрыстовы крыж, будзем трымацца яго, паўтараючы сэрцам з верай і любоўю: вітаем, Крыж, адзіная наша надзея”, – дадаў біскуп.
Апошнім літургічным актам Вялікай пятніцы стала перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі. Падчас гэтай адарацыі вернікі будуць дзякаваць Нябеснаму Айцу за ўваскрасенне Езуса і пакліканне людзей да вечнага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая