1 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы). Гэтая Імша распачынае ў Каталіцкім Касцёле Пасхальны Трыдуум Мукі, Смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста.
У гэтыя дні здзейснілася вялікая таямніца Пасхі Хрыста – Яго пераход з зямнога жыцця праз брамы мукі і смерці да жыцця ў хвале ўваскрасення. Гэтыя тры дні ўтвараюць адзінае цэлае, з’яўляюцца як быццам адным трохдзённым святам, вялікім святкаваннем нашага адкуплення.
Вернікі сабраліся на Імшы, каб дзякаваць за сакрамэнты пасвячэння і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер. Таму на яе пачатку дзеці і дарослыя выказалі віншаванні біскупу і святарам, якія служаць у гэтай парафіі, жадаючы, каб яны кожны дзень чэрпалі радасць са святарскага служэння і абвяшчэння Слова жыцця.
Біскуп Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што паўстаюць і гінуць дзяржавы, распачынаюцца і заканчваюцца войны, нараджаюцца і паміраюць людзі – а Пан Езус застаецца, Ён заўсёды з намі ў белай, такой крохкай і безабароннай гостыі.
“Гэты белы хлеб – сёння так жа, як і тады, дзве тысячы гадоў таму, – здольны заспакоіць найвялікшы голад чалавечага сэрца”, – дадаў іерарх.
Ён падкрэсліў, што Хрыстус не мог знайсці лепшага спосабу, каб стаць прысутным сярод свайго народу.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне звярнуў увагу, што, каб мы маглі лепш зразумець таямніцу Эўхарыстыі, літургія Касцёла прапануе ў гэты дзень для разважання апісанне Апошняй Вячэры паводле святога Яна Евангеліста, які, будучы адным з непасрэдных сведкаў, піша пра тое, як Пан Езус пасля заканчэння вячэры абмыў ногі сваім вучням.
Па словах іерарха, евангеліст піша пра тое, што з’яўляецца найважнейшым, а адначасова найбольш цяжкім для прыняцця: “Пан Езус устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны” (пар. Ян 13, 4-5).
“Быццам Евангеліст хацеў сказаць, на чым засноўваецца найглыбейшы сэнс Эўхарыстыі, яе найвялікшая таямніца. У гэтым жэсце Езуса схавана ўсё. Абмыванне ног – гэта сімвал служэння, а сапраўднае, бескарыслівае, шчырае і ахвярнае служэнне там, дзе любоў”, – патлумачыў біскуп.
Ён заахвоціў вернікаў нанава адкрываць вялікую праўду пра любоў Бога да чалавека, пра тое, што мы любімыя Богам, Яго любоўю без умоваў і без межаў.
Таксама іерарх пажадаў вернікам, каб яны пачулі ў Вялікі чацвер пасланне аб Божай любові і каб яно звярталася да кожнага сваёй моцай, узрушыла думкі і сэрцы і дапамагло жыць так, каб мы ніколі не сумняваліся ў любові.
Пасля святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў цямніцу, якая з’яўляецца сімвалам заключэння Езуса ў вязніцу ў ноч перад Мукай.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Андрыйчук