1 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй, гэтая Імша цэлебруецца толькі ў катэдры, яе ўзначальвае біскуп і ў ёй удзельнічаюць усе святары, якія служаць у мясцовым Касцёле. Такім чынам падкрэсліваецца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства, а таксама духоўная сувязь, якая злучае святароў з біскупам і паміж сабой.
На Імшу ў катэдру – “маці” касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі – у сувязі з пандэміяй каранавірусу прыбылі сёлета толькі ксяндзы дэканы і тыя святары, якія захацелі ў ёй удзельнічаць, каб супольна дзякаваць Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу.
Імшу канцэлебраваў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прысутнічалі сёстры законныя, семінарысты і вернікі. Вялікай колькасці людзей сёлета не было.
Вернікі ядналіся з прэзбітэрыем Касцёла на Гродзеншчыне, дзякуючы Богу за сваіх душпастыраў, з чыёй дапамогай могуць прыступаць да святых сакрамэнтаў і духоўна ўзрастаць.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў у гаміліі, што ў Вялікі чацвер кожны святар звяртаецца думкамі да незабыўнага моманту, які быў некалькі або нават некалькі дзясяткаў гадоў таму, калі з пакорай і даверам ён укленчыў на падлозе святыні і Дух Святы праз паслугу іерарха, які ўдзяляў пасвячэнне, намасціў яго далоні алеем хрызма.
Па словах біскупа, літургія Імшы Хрызма вельмі акцэнтуе сімволіку намашчэння алеем. Намашчэнне ў Святым Пісанні з’яўляецца знакам пасвячэння, кансэкрацыі, а значыць сімвалічнага задання, якое Бог даручае абранай асобе і да спаўнення якога робіць здольнай гэтую асобу.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што намашчэнне святары атрымліваюць не для саміх сябе, а для Божага народу, слугамі якога з’яўляюцца.
“Удзел у Хрыстовым святарстве – вялікі, не заслужаны намі дар, а адначасова абавязак, ідэал, да якога мы дарастаем на працягу ўсяго жыцця”, – дадаў іерарх.
Таксама біскуп нагадаў, што ў гэтым годзе адзначаецца юбілей 30-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. “Гэта для нас нагода дзякаваць Пану Богу за адраджэнне рэлігійнага жыцця, за ўсе пазітыўныя змены, сведкамі якіх мы з’яўляемся”, – сказаў ён.
Іерарх заахвоціў асаблівым чынам падзякаваць Пану за пакаленне святароў, якія ў найцяжэйшыя часы верна заставаліся з Хрыстом і адважна вялі да Яго даручаны ім Божы народ.
“Іх жыццё – цудоўнае сведчанне святарскай вернасці, руплівасці ў Божым служэнні, адвагі і прысвячэння, а таксама нязломнай надзеі, што Хрыстус пераможа – нягледзячы ні на што”, – сказаў біскуп, падкрэсліўшы, што многія з іх ужо адышлі ў вечнасць па ўзнагароду Пана.
Іерарх папрасіў агарнуць малітвай святароў, якіх Бог у сваім неспасцігальным Провідзе пажадаў забраць да сябе ў мінулым годзе:
- ксяндза Паўла Барысевіча,
– ксяндза каноніка дэкана Алега Дуля,
– ксяндза каноніка Тадэвуша Качана,
– ксяндза прэлата Юзафа Трубовіча,
– ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца,
– айца Казіміра Жыліса.
На заканчэнне гаміліі біскуп звярнуўся да вернікаў з традыцыйнай просьбай маліцца за іерархаў і святароў, бо рэалізацыя святарскага паклікання нялёгкая.
“Кожны з нас усведамляе, як далёка нам да ідэалу святарства, указанага Хрыстом Панам. Адначасова мы ўсведамляем, што Божая ласка можа папоўніць усе нашы чалавечыя абмежаванні, недахопы і слабасці”, – сказаў ён.
Падчас Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстус.
Аднаўляючы абяцанні, святары выказалі жаданне больш цесна яднацца з Хрыстом і знайсці першасную руплівасць сваіх душпастырскіх сэрцаў.
Адбылося асвячэнне алею хворых і катэхумэнаў і кансэкрацыя алею хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.
У гэты выключны для кожнага святара дзень біскуп падзякаваў усяму духавенству Гродзенскай дыяцэзіі за пастырскае служэнне, абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне святых сакрамэнтаў, катэхізацыю дзяцей і моладзі, клопат пра пажылых, хворых і церпячых, будаўніцтва і рамонт касцёлаў і найперш за сведчанне святарскага жыцця.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая