27 сакавіка вернікі парафіі Святога Андрэя, апостала, і Леапольда Багдана Мандзіча ў Мінску (Уручча), якой апякуюцца айцы палатыны, разам са сваім душпастырам а. Яўгенам Эйсмантам SAC здзейснілі пілігрымку ў Дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, каб перажыць суботні дзень разам з Богам і бліжнім у духу падрыхтоўкі да Вялікадня.
Вялікі пост — гэта час роздуму над уласным жыццём, час пастанаўленняў і малітвы, час імкнення да ўнутраных змен у лепшы бок. У гэты перыяд літургічнага года хрысціяне найчасцей скіроўваюць свой позірк на крыж і ўкрыжаванага Хрыста, у ахвяры якога праявілася Божая любоў да кожнага грэшніка.
Пілігрымка распачалася з самага ранку. Удзельнікі выехалі з Мінска цягніком у напрамку Гудагая. Потым каля чатырох кіламетраў пілігрымы ішлі пешшу, спыняючыся каля прыдарожных крыжоў і молячыся за жывых і памерлых жыхароў гэтых мясцін.
У Гудагаі пілігрымаў чакалі сёстры кармэлітанкі Дзіцятка Езус, якія нясуць служэнне пры марыйным санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі. Па запрашэнні сясцёр госці з Мінска наведаліся ў іх кляштар, дзе памаліліся ў невялікай капліцы, а потым падсілкаваліся і пагутарылі.
Эўхарыстыя з удзелам пілігрымаў цэлебравалася ў санктуарыі, перад абразом Маці Божай Шкаплернай, да якой кожны прыйшоў са сваімі падзякамі, просьбамі, перапрашэннямі. Пасля святой Імшы адбылося набажэнства Крыжовага шляху. У Гудагаі ён незвычайны, таму што ўсе стацыі знаходзяцца ў лесе. Гэта дастаткова доўгі шлях па бездарожжы, таму высілак, які трэба прыкласці каб яго прайсці, можна ахвяраваць ва ўласных інтэнцыях, у патрэбах Касцёла альбо аб навяртанні грэшнікаў.
На заканчэнне пілігрымкі ўсе сабраліся ля вогнішча, каб з’есці смажаную кілбаску, падмацавацца і рушыць у дарогу да цягніка.