Пальмовая нядзеля, ці нядзеля Мукі Пана, адзначаецца самым урачыстым чынам ва ўсім свеце. Яна нагадвае пра ўезд Езуса ў Ерузалем, каб там памерці і ўваскрэснуць, а таксама распачынае святкаванне пасхальнай таямніцы.
Падобным чынам гэты дзень праходзіць і ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, дзе ў дыяцэзіi Буар ужо некалькі месяцаў служыць на місіях святар Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Анджэй Ганчар.
Па словах святара, на працягу трох апошніх месяцаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы вельмі неспакойна, для місіянераў гэта вельмі цяжкі час, а для мясцовых жыхароў – вялікае выпрабаванне.
Ксёндз Анджэй кажа, што, дзякуй Богу, пакуль іх не закранае ў такім маштабе, як у Еўропе, пандэмія каранавірусу, але жыхарам гэтага кантынента даводзіцца мець справу з паўстанцамі, якія сеюць трывогу і ўтвараюць беспарадкі.
Святар адзначае, што на перыяд Вялікага посту разам з вернікамі зрабілі пастанову, каб кожны дзень ісці ў іншую вёску – часам 35-40 км, штосьці падобнае да нашых пешых пілігрымак. Па яго словах, гэта робіцца для таго, каб паказаць іншым, што толькі з Богам чалавек будзе шчаслівы, што Пан нас абароніць, як пастух авечак, што Ён дае чалавеку надзею і заўсёды побач, таму што сёння ў тых месцах шмат людзей жыве ў страху, хаваючыся па дамах, каб з імі не здарылася штосьці дрэннае.
У Пальмовую нядзелю вернікі таксама вырушылі ў дарогу. Ксёндз Ганчар кажа, што нябачаная дагэтуль колькасць людзей удзельнічала ў працэсіі, ідучы праз усю вёску ад адной святыні да другой, спяваючы рэлігійныя песні, дзелячыся на шляху сваёй верай і сведчаннем, падбадзёрваючы тых, хто знаходзіцца ў страху з-за збройнага канфлікту, а таксама паказваючы, што іх Пан – Езус Хрыстус.
“У гэтай вёсцы жыве шмат мусульманаў, лютэранаў і людзей іншых веравызнанняў. На тварах тых, каго сустракалі, мы бачылі радасць і супакой. Нашы вернікі таксама адпаведна падрыхтаваліся да гэтага дня. Апранулі самае прыгожае адзенне, зрабілі пальмовыя галінкі”, – дадае святар.
Па яго словах, вернікі сапраўды сур’ёзна паставіліся да падрыхтоўкі галінак. Кожны зрабіў нешта арыгінальнае, стараўся як найлепш упрыгожыць свой выраб.
“Гэта быў цудоўны час. Мы супольна праслаўлялі Пана Бога. Была вялікая колькасць дзяцей, моладзі, дзяўчаты, якія танчылі падчас Імшы, а таксама хор. У гэты дзень я адчуў, што мы адна вялікая сям’я Божых дзяцей”, – прызнаецца кс. Анджэй.
Місіянер адзначае, што з-за сённяшняй палітычнай сітуацыі на гэтым кантыненце ўсім трэба тым больш набліжацца да Бога праз малітву, засяроджанне, Божае слова.
Святар, які доўгі час распазнаваў і адкрываў місійнае пакліканне, хоча прывітаць усіх, хто яго памятае і моліцца за яго, а таксама хто падтрымлівае яго служэнне матэрыяльна, дапамагаючы такім чынам дзецям і бедным.
“Любыя! Прашу вас усіх аб далейшай малітве ў інтэнцыі ўсіх місіянераў, у тым ліку і мяне, якія знаходзяцца на місіях далёка ад свайго дому і блізкіх. Жадаю ўсім належным чынам падрыхтавацца да святаў Уваскрасення Пана і сустрэць Уваскрослага Езуса, які дае нам вечнае жыццё”, – кажа кс. Ганчар.
Дзякуючы святару за яго прыгожае сведчанне веры і вялікую адвагу, хочам пажадаць яму шмат сіл, патрэбных для сеяння Божага слова на чужой зямлі. Жадаем, каб ён ніколі не заплюшчваў вачэй на выклікі і цяжкасці, з якімі сустракаецца штодзень, а мог далей, напоўнены пасхальнай радасцю, дзяліцца любоўю з кожным, каго сустракае, нашымі братамі і сёстрамі.
Кс. Юрый Марціновіч