Перад сёлетнім святкаваннем у Росі Пальмовай нядзелі былі думкі: якой яна будзе ў гэтым годзе? Ці прыйдуць людзі ў парк, каб па традыцыі на месцы старой святыні пачуць першае радаснае евангельскае чытанне пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем і прайсці ў працэсіі, як быццам удзельнічаючы ў той далёкай падзеі?
І надвор’е пахмурнае, і ноччу прайшоў дождж. Але ўжо здалёк я бачу значную колькасць людзей. На тварах усмешкі, а ў руках – з любоўю ўпрыгожаныя вербачкі. І нават прырода ўзрадавалася, падарыўшы сонечныя промні, якія нясмела, але ўпарта прабіваліся скрозь шэрыя аблокі.
Ніякая пандэмія не змагла і не зможа адняць надзею і веру, што будзе Уваскрасенне, будзе збаўленне.
У гэты дзень вернікі Росі ў духу радасці, узняўшы высока над галавой галінкі вярбы, разам з тымі, хто не змог далучыцца да працэсіі, спявалі “Гасанна” і запрашалі Езуса ў кожны дом, у кожную кватэру.
Жанна Вераціла