25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распачаў велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
Звяртаючыся да прысутных, арцыбіскуп падзякаваў за малітву і падтрымку ў той час, калі ён быў у выгнанні.
Іерарх заахвоціў вернікаў шукаць не толькі вакцыну ад каранавірусу, але і вакцыну ад граху.
Звяртаючы ўвагу на маладых людзей, ён падкрэсліў, што цяперашні малады чалавек баіцца будаваць сям’ю. Па словах арцыбіскупа, хлопец альбо дзяўчына цяпер карыстаюцца “філасофіяй натоўпу”, калі робяць тое, што дыктуе асяроддзе, але мы павінны, як Марыя, пачуць голас Езуса і прыняць наказ Пана.
“Не бойцеся быць хрысціянамі. Людзі кажуць, што Бог абмяжоўвае іх свабоду. Але, калі кіроўца пад’язджае да скрыжавання і там гарыць чырвонае святло, ці хто паедзе? Ці скажа хто, што гэта абмяжоўвае яго свабоду?” – дадаў іерарх.
На заканчэнне Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі сказаў:
“Нічога не зробім без Бога. Беларусь, не бойся, адчыні дзверы Хрысту! І ты станеш не толькі краінай, якая будуе велізарныя БелАЗы, МАЗы, трактары, паркі высокіх тэхналогій, выдатныя ўніверсітэты, але таксама краінай жыцця, супакою, ласкі міру і дабрабыту”.
Раман Ярмош