Skip to main content

У Гродзенскай дыяцэзіі можна атрымаць поўны адпуст у Год святога Юзафа

swiety jozefДа 8 снежня ў паўсюдным Касцёле працягваецца абвешчаны Папам Францішкам Год святога Юзафа. 18 сакавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч абвясціў Дэкрэт, якім устанаўлівае адпусты з гэтай нагоды.

Дэкрэт,
які датычыць поўнага адпусту ў Юбілейны год святога Юзафа
ў Гродзенскай дыяцэзіі

Mаючы на ўвазе духоўнае дабро вернікаў, згодна з пастановамі Дэкрэта Апостальскай Пэнітэнцыярыі аб удзяленні дару спецыяльных адпустаў з нагоды Юбілейнага года святога Юзафа з 8 снежня 2020 г., гэтым Дэкрэтам устанаўліваю магчымасць атрымаць поўны адпуст пад звычайнымі ўмовамі (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца) на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі ў перыяд з 19 сакавіка да 8 снежня 2021 г.

Поўны адпуст могуць атрымаць вернікі, якія ў Юбілейны год святога Юзафа:

– як мінімум 30 хвілін будуць разважаць над Малітвай Пана або прымуць удзел у хаця б адным дні засяроджання з разважаннем пра святога Юзафа;

– на ўзор святога Юзафа здзейсняць учынак міласэрнасці адносна цела або душы;

– памоляцца святы Ружанец, калі малітва адбудзецца ў сям’і і яе здзейсняць заручаныя;

– штодзённа будуць даручаць сваю дзейнасць апецы святога Юзафа; акрамя таго, адпуст можа атрымаць кожны вернік, які ў малітве будзе заклікаць заступніцтва Рамесніка з Назарэта, каб кожны, хто шукае працы, мог знайсці яе і каб праца ўсіх была больш годнай;

– будуць маліцца Літанію да святога Юзафа або якуюсьці іншую малітву да гэтага святога ў інтэнцыі Касцёла, які зносіць пераслед ad intra i ad extra, а таксама ў інтэнцыі падтрымкі ўсіх хрысціян, якія зносяць якуюсьці форму пераследу;

– прамовяць любую зацверджаную законным чынам малітву або здзейсняць акт пабожнасці ў гонар святога Юзафа, асабліва 19 сакавіка і 1 мая, у 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду, якая з’яўляецца паводле лацінскай традыцыі днём, прысвечаным успаміну гэтага святога.

У сённяшніх абставінах санітарнай небяспекі дар поўнага адпусту пашыраецца асабліва на людзей пажылога ўзросту, хворых, тых, якія знаходзяцца перад абліччам смерці, і ўсіх тых, якія па сур’ёзнай прычыне не могуць выйсці з дому і якія, адмовіўшыся ў духу ад усялякага граху, з інтэнцыяй выканання, калі гэта толькі будзе магчыма, звычайных умоваў, здзейсняць у сваім доме або там, дзе іх затрымлівае перашкода, акт пабожнасці ў гонар святога Юзафа, Суцяшальніка хворых і Апекуна добрай смерці, ахвяруючы з даверам Богу боль і нязручнасці свайго жыцця.

Гэтым Дэкрэтам устанаўліваю таксама юбілейныя касцёлы, у якіх можна атрымаць поўны адпуст, пілігрымуючы ў іх у Год святога Юзафа, удзельнічаючы ў святой Імшы або іншым набажэнстве ці прыватным чынам прамаўляючы малітвы, зацверджаныя касцёльнай уладай:

1. катэдральная базыліка св. Францішка Ксаверыя ў Гродне;

2. парафіяльны касцёл св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у Гродне;

3. парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа, Рамесніка, у Скідзелі;

4. санктуарый Маці Божай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы;

5. парафіяльны касцёл Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы;

6. парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве;

7. парафіяльны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах;

8. парафіяльны касцёл Святой Сям’і з Назарэта ў Лідзе;

9. парафіяльны касцёл Маці Божай Тройчы Дзівоснай у Мастах;

10. санктуарый благаслаўлёных сясцёр мучаніц у Навагрудку;

11. санктуарый Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі;

12. парафіяльны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах;

13. санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях;

14. парафіяльны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме;

15. парафіяльны касцёл св. Міхала Арханёла ў Смаргоні;

16. парафіяльны касцёл св. Юды Тадэвуша, апостала, у Вішневе;

17. парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне;

18. санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шчучыне;

19. санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.

Каб Юбілейны год святога Юзафа стаў знакам ласкі, горача заахвочваю шаноўных душпастыраў, а асабліва тых, якія спаўняюць служэнне ва ўстаноўленых гэтым Дэкрэтам юбілейных касцёлах, праводзіць у 19-ы дзень кожнага месяца і кожную сераду спецыяльныя набажэнствы ў гонар св. Юзафа і прамаўляць з вернікамі зацверджаную законным чынам малітву да св. Юзафа ў інтэнцыі хворых, тых, хто знаходзіцца перад абліччам смерці, тых, хто зносіць пераслед, і людзей працы.

Горача заахвочваю шаноўных душпастыраў цэлебраваць у Юбілейны год ватыўныя святыя Імшы ў гонар св. Юзафа ў 19-ы дзень кожнага месяца, а таксама практыкаваць і пашыраць іншыя формы публічнага культу святога, паводле разважлівага меркавання пробашча.

Вельмі прашу шаноўных душпастыраў паведаміць вернікам пра ўстаноўленыя з нагоды Юбілейнага года адпусты і пра заклік шчодра карыстацца гэтым дарам ласкі.

На плённае перажыванне Юбілейнага года святога Юзафа ў духоўным яднанні са Святым Айцом Францішкам і ўсім паўсюдным Касцёлам ад усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Кс. канонік д-р Аляксандр Мацкевіч

Канцлер курыі

Гродна, 18.03.2021 г.