У гродзенскай парафіі Святога Духа працягваюцца велікапосныя рэкалекцыі. Тэмай другога дня духоўных практыкаванняў была вера.
Гэты дзень быў асабліва прысвечаны моладзі і ўсім, хто адчувае сябе маладым. Пасля Крыжовага шляху маладыя людзі выслухалі канферэнцыю, якую кожны жадаючы можа паглядзець у парафіяльным інстаграме. Ксёндз Юрый Павайба, які праводзіць рэкалекцыі, разважаў аб праўдах веры, а таксама закрануў пытанне: чаму людзі, асабліва ў маладым узросце, перастаюць верыць у Бога?
“Бог не з'яўляецца палачкай-выручалачкай, якая выконвае ўсе нашыя жаданні, таму Ён перастае быць аўтарытэтам для людзей, асабліва маладога ўзросту”, – такім чынам адказаў на гэтае пытанне рэкалекцыяніст.
Пасля канферэнцыі маладыя людзі прынялі ўдзел у святой Імшы, выразіўшы падзяку бацькам, катэхетам і ўсім, хто ўмацоўваў іх веру.
Пасля Эўхарыстыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Моладзь і ўсе жадаючыя праславілі Бога сваімі спевамі і разважаннямі.
Вернікі парафіі ўдзячныя ксяндзу Юрыю Павайбу за тое, што ён знайшоў час і падзяліўся з імі сваім жыццёвым досведам, Божым словам і разважаннямі.
Наталля Лазоўская