Велікапосныя рэкалекцыі дазваляюць лепш і глыбей падрыхтавацца да святаў Уваскрасення Пана, лепш увайсці ў іх сутнасць, паглыбіцца ў Муку Хрыста і зразумець праўды, пра якія часта забываемся ў штодзённасці. 11 сакавіка велікапосныя духоўныя практыкаванні пачаліся ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне.
Рэкалекцыі на працягу трох дзён будзе праводзіць пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA.
У першы дзень адбылася святая Імша, якую ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза і на якой сабраліся моладзь душпастырства “ОPEN” і вернікі горада.
У гаміліі рэкалекцыяніст разважаў над тым, як змагацца са злом, раіў рабіць дабро: “Рабіце дабро там, дзе вы ёсць. Робячы дабро, трэба быць трывалым, але не варта чакаць падтрымкі, могуць быць абгаворы ці здекі – гэта ўсё ад злога духа, які хоча перемагчы тое дабро, якое мы робім”.
Ксёндз Кухарэвіч перасцярог, што злы дух мае зброю і атакуе чалавека. “Д'ябал хоча вырваць нас з супольнасці Касцёла і загнаць у зло, але Езус і Касцёл могуць нас абараніць”, – адзначыў святар.
Таксама ён акцэнтаваў увагу на тым, што мусіць быць штодзённая малітва – гэта выратоўвае ад спакусы. “Давер Богу – найбольш паспяховая зброя”, – дадаў рэкалекцыяніст.
“Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае” (Мц 12, 30), – падсумаваў святар словамі з Евангелля.
Пасля завяршэння Эўхарыстыі ўдзельнікі рэкалекцый атрымалі благаслаўленне, а потым мелі магчымасць пагутарыць з кс. Генадзем, задаючы пытанні і дзелячыся сведчаннямі.
Вольга Сяліцкая