У канцы лютага ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны прайшло мерапрыемства ў памяць кс. Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка).
Імпрэза пачалася з уступнага слова пробашча мясцовай парафіі кс. Віктара Захарэўскага, які нагадаў цікавыя факты з жыцця святара і благаславіў прысутных. Пра жыццёвы і творчы шлях Казіміра Сваяка ўзгадала супрацоўніца мясцовай бібліятэкі.
Ксёндз Стаповіч вёў актыўную грамадскую дзейнасць: стварыў хор, гурток для адукацыі мясцовых юнакоў і дзяўчат, развіваў народны тэатр, спрыяў адкрыццю новых навучальных устаноў. Усе свае сілы святар прыкладаў для дабрабыту іншых. Ён стаў прыкладам для моладзі, а сапраўдным набыткам для нашчадкаў зрабіўся зборнік яго вершаў “Мая ліра”.
Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічалі вучні Варнянскай сярэдняй школы, якія падрыхтавалі ўрыўкі з дзённікавых запісаў Казіміра Сваяка, яго вершы і прозу.
Вольга Заянчкоўская