Skip to main content

Новыя міністранты з’явіліся ў гродзенскай парафіі Святога Духа

ministranty olszanka 628 лютага, у другую нядзелю Вялікага посту, парафія Святога Духа ў Гродне (Альшанка) узбагацілася 20 новымі міністрантамі, поўнымі жадання служыць Богу і вернікам, а таксама дапамагаць святарам падчас святой Імшы. Хлопцы рыхтаваліся да гэтага дня на працягу амаль года, удзельнічаючы ў адмысловых занятках.

Іх урачыста ўключыў у літургічную службу алтара дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прыняць комжу з рук біскупа было вялікім гонарам для хлопцаў.

Падчас Імшы будучыя міністранты паабяцалі пабожна, ахвотна і радасна выконваць свае абавязкі на Божую хвалу і дзеля ўсёй парафіяльнай супольнасці. Папрасіўшы заступніцтва ў святых Дамініка Савіо і Тарцызія, апекуноў міністрантаў, яны ўпершыню апранулі комжы. Гэта было для іх вельмі важным момантам, да якога кандыдаты старанна рыхтаваліся, не толькі ўважліва слухаючы настаўніка, выконваючы ўсе абавязкі і як мага часцей прысутнічаючы на Імшы, але і застаючыся пасля набажэнстваў, каб усяму навучыцца на практыцы.

“Мы з’яўляемся тымі, хто нясе Слова Божае іншым людзям, і не толькі гукамі, але таксама сваёй верай і сваім сэрцам”, – сказаў біскуп у гаміліі.

Малодшаму з новых міністрантаў 5 гадоў, старэйшаму 13. Не ўсе з іх умеюць нават чытаць, а ўжо служаць каля алтара, бо ўзрост для міністранта не важны: гэта пакліканне да служэння, гатоўнасць адказаць Богу “так” і ісці за Ім. Як вучыў іх ксёндз Андрэй, кожны з іх цяпер павінен сведчыць пра Хрыста сваімі паводзінамі не толькі ў касцёле, але і па-за ім: у школе, садку, на вуліцы, з сябрамі, дома.

Пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда падзякаваў бацькам міністрантаў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у каталіцкай веры і дапамаюць ім быць бліжэй да Бога.

“Жадаю, каб вы былі добрымі хлопцамі, каб бацькі вамі ганарыліся, што іх сыны – міністранты”, – сказаў пробашч, звяртаючыся да дзяцей, якія ў першы раз апранулі комжы.

Трэба спадзявацца, што хлопцы будуць праслаўляць Бога сваім служэннем не толькі ў касцёле, але і ў штодзённым жыцці.

На дадзены момант у парафіі Святога Духа больш за 100 міністрантаў. Для хлопцаў арганізаваныя заняткі кожны тыдзень, каб паляпшаць веды і здольнасці. Кожны месяц міністранта, які часцей за ўсіх прысутнічаў на Імшы і дапамагаў святару служыць ля алтара, чакае ўзнагарода. Для міністрантаў парафіі праводзяцца дні засяроджання і розныя мерапрыемствы, дзе дзеці могуць бліжэй пазнаёміцца і адпачыць у вясёлай кампаніі.

“Павінна быць любоў і ахвяра, каб дапамагчы малому міністранту. Каб гэтая дарога з кожным днём набірала моц, веліч і любоў. Калі мы разам, то ўсё можам. І хай Езус будзе прыкладам любові да Яго, да бліжняга і да алтара”, – пажадаў на заканчэнне Імшы біскуп Юзаф Станеўскі.

Бацькам не трэба баяцца аддаваць сваіх дзяцей на заняткі па падрыхтоўцы да міністранцкага служэння. Ім не абавязкова потым ісці ў семінарыю і быць святарамі, таму запрашаюцца ўсе жадаючыя. Хлопцы, якія хочуць служыць Богу і людзям, запрашаюцца ў парафіяльную сакрыстыю, каб запісацца і стаць часткай гэтай супольнасці.

Наталля Лазоўская