Гатовыя на ўсё. Жанчыны Старога Запавета - 3
Старонка 3 з 4: 3
Гэта адбылося ў звычайны дзень. Адам займаўся чымсьці ў іншай частцы саду, а я была адна. Прагульвалася па садзе і раптам заўважыла перад сабой гэтаеадметнае дрэва. Прыпынілася і прыглядалася да яго з бяспечнай адлегласці. Тады і з’явіўся змей. Хутчэй за ўсё ты не любіш змей, але, павер мне, тады яны сваёй прыгажосцю пераўзыходзілі ўсе іншыя стварэнні. Ён пачаў са мной размаўляць. Раздражніў маю цікаўнасць незвычайна захапляльнай размовай.
- Ці Бог сапраўды сказаў, што вам нельга есці з гэтага дрэва? – запытаўся змей. Я задумалася.
- Бог сказаў, - адказала я, - што мы можам есці плады з усіх дрэваў, акрамя гэтага адзінага, бо калі мы да яго дакранемся, то памрэм.
Я ўсё яшчэ не ведала, што значыць “памрэм”. Гэтае слова гучала вельмі таямніча. - Напэўна не памраце! – упэўніў мяне змей. – Бог штосьці перад вамі ўтойвае. Ён ведае, што калі пакаштуеце плод з гэтага дрэва, то будзеце такімі, як Ён, бо даведаецеся, што такое дабро і зло.
Здавалася, што гэтая размова доўжылася ледзьве некалькі хвілін, але насамрэч тэма дрэва ўзнікала на працягу яшчэ некалькіх дзён. І кожны раз, як я сустракала змея, плады дрэва пазнання выглядалі ўсё больш і больш апетытнымі.
А потым настаў дзень, калі я нясмела пацягнулася за плодам, толькі адным маленькім плодам, і схавала яго ў далонях. Нічога не адбылося, але... Ён выглядаў так спакусліва, як ніколі раней. Якісьці час я трымала яго ў руцэ, кранаючыся і адчуваючы яго прыемны пах. Ён быў такі гладзенькі... Асцярожна паднесшы яго да вуснаў, укусіла. Калі я адгрызла кавалак, то струмень цудоўнага соку пацёк па маіх пальцах. Ён быў смачнейшым за ўсё, што я калі-небудзь каштавала. Праз хвіліну ад яго не засталося і следу. Я сарвала яшчэ адзін, а потым яшчэ і яшчэ, аж пакуль не наелася дасыта. Я добра сябе адчувала і са мной не адбывалася нічога, што б я магла назваць паміраннем. Пакуль што...
Нарваўшы прыгаршню пладоў, я пабегла да Адама. Я яго пераканала ў тым, што ён спакойна можа іх з’есці, бо я ўжо гэта зрабіла і мне ад гэтага нічога не стала. Калі Адам узяў з маіх рук плод, то выглядаў так, нібы хацеў зрабіць мне прыемна. Адам таксама яго з’еў. Што гэта была за смаката...
Усё пачала адбывацца паступова. Паглядзеўшы адно на аднаго, мы зразумелі, што былі голымі. Аж да гэтага моманту мы не адчувалі сораму. Мы былі нявіннымі. Цяпер мы бачылі, што мы не маем на сабе анічога. Трэбы было штосьці з гэтым рабіць. Адначасова да нас дайшло, што мы павінны схавацца ад Бога, які штодня гуляў па садзе. Мы пачулі Ягонае пытанне: “Дзе вы?”. Толькі як можна схавацца ад Бога? Што мы нарабілі? Што я нарабіла? Каб схаваць нашую нагату, Бог прыдумаў адзенне, хаця, шчыра кажучы, фігавыя лісты, якія ён нам даў, былі занадта шорсткія. Мы паплаціліся за свой учынак. Змей быў пракляты і да гэтага часу поўзае на жываце. А мне Бог сказаў: “множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасці тваёй; у хворасці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою”.