Гатовыя на ўсё. Жанчыны Старога Запавета - 2
Старонка 2 з 4: 2
Ева
Гатовая на ўсё, каб з’есці забаронены плод
Як гэта: быць першай жанчынай на зямлі і першай гаспадыняй? Мы можам толькі здагадвацца. Гісторыя чалавецтва не ведае іншай асобы, якая была б настолькі абцяжараная віной, як Ева. Чаго толькі варты той факт, што калі б яна не паддалася на спакусу змея, то мы б усё яшчэ жылі ў Раі. Але я не быў бы ў гэтым так упэўнены. (Святое Пісанне: Быцц. 1, 26-31; 2, 4-25; 3, 1-6; 4, 1-26; 1 Цім. 2, 13-1)
Яе пункт гледжання...
Я з’явілася на свет цалкам сфармаванай і дарослай з адным толькі “але”: мы з Адамам не нарадзіліся – мы былі створаныя і таму не маем сваёй гісторыі. Гэта робіць нас у чымсьці адметнымі. Спачатку Бог стварыў Адама і сказаў, што гэта добра. Мне здаецца, што калі Ён планаваў стварэнне наступнай істоты, то падумаў так: “Гэта было добра, але на гэты раз павінна быць яшчэ лепш”. І так з’явілася я – выданне другое, больш далікатнае, тонкае, прыгажае. Трэба было бачыць твар Адама, калі Бог мяне яму прадставіў... Гэта сапраўды было каханне з першага погляду.
Напэўна, вас цікавіць, як выглядаў наш дом. Гэта была найлепшая маёмасць, якая толькі існавала на зямлі. У нас былі ўсе віды дрэваў і пладоў, а навалкоьныя краявіды былі неверагодна прыгожымі. Сапраўды гэты сад быў створаны Божымі рукамі. Тэмпература была ідэальнай. Звяры былі тады не такімі, як цяпер: добразычлівымі і вельмі смешнымі. Адам прыдумаў ім імёны і, варта прызнаць, у яго гэта выдатна атрымалася. Гэта патрабавала ад яго немалой фантазіі, але ён справіўся з заданнем. Хто іншы змог бы выдумаць такія назвы, як жыраф, гіпапатам, слон, ара, качканос, леў, малпа і так трапна іх дапасаваць?
Што за цудоўны свет! І ён быў толькі наш. Мы зрывалі і елі садавіну, хрумсткія арэхі і смачную гародніну, пілі ваду з крыштальна чыстых крыніц. Што за жыццё! Хоць мы і шмат працавалі ў нашым садзе, але жыццё было напоўнена радасцю. Бог часта нас наведваў. Чаго нам яшчэ было хацець?
Была толькі адна забарона: звычайнае дрэва, але што за плады на ім раслі! Бог назваў яго дрэвам пазнання дабра і зла. Што такое зло? А дабро? Тады я не мела аб гэтым паняцця. Бог папярэдзіў нас, што калі з’ямо плод з гэтага дрэва, то памром. Я не зразумела, што Ён меў на ўвазе.
Змей сказаў, што не памром, а станем як Бог. Гэта штосьці – быць магутным, як Бог, магчы ствараць новыя рэчы і мець над імі кантроль!
Але не будзем апарэджваць падзеі. Як я ўжо сказала, у нас быў доступ да ўсяго, акрамя таго дрэва ў самым цэнтры саду. Гэта была першая забароненая рэч, з якой я сутыкнулася. “Нельга вам есці з таго дрэва...”. Гэта быццам сказаць дзіцяці, што яно зможа з’есці цукерку толькі пасля абеду. Можы быць, Бог нас так і стварыў: заўсёды хочам таго, чаго нам нельга. Калі гэтае дрэва магло нам зашкодзіць, то чаму было такім прыгожым і спакуслівым?
Так ці інакш, мы з Адамам былі шчаслівымі, цешачыся адзін адным і вясёлым таварыствам звяроў і птушак. Страху не існавала, а ўсё і ўсе жылі паміж сабой у згодзе. Як вы здагадваецеся, так доўга пратрываць не магло.