Skip to main content

Гатовыя на ўсё. Жанчыны Старога Запавета

bible 1136785 1280На працягу стагоддзяў жанчыны сутыкаліся з аднымі і тымі ж праблемамі: нараджэннем і выхаваннем дзяцей, пошукам “другй паловы”, прагай кахання, спробамі знайсці адказы на хвалюючыя іх пытанні, бясплоднасцю, зайздрасцю, гневам, расчараваннем і непадкантрольнымі ім сітуацыямі. Некаторыя па сваёй віне апынуліся ў роспачы. Іншыя сталі ахвярай абставін, на якія не ў сілах былі паўплываць.

Давайце прыгледземся да старазапаветных жанчын і пазнаем іх гісторыі, якія дадуць нам шмат каштоўнай інфармацыі да разважання. Жанчыны, якіх я выбраў (аўтар: Роберт Дж. Стрэнд), зусім не ідэальныя. Некаторыя з іх вядомыя, іншыя – малавядомыя, адрозніваюцца яны і па характарах. Кожная з іх прадстаўляе асобны, цікавы для нас аспект чалавечага жыцця: сярод іх ёсць прастытуткі, царыцы, прарочыцы, маці, удовы, цёткі, бабкі, заможныя і бедныя жанчыны, сталыя і маладыя. Усе аднолькава важныя, усе маюць свае гісторыі, якія неабходна расказаць. Усе з іх валодаюць мудрасцю, якая нам – людзям ХХІ стагоддзя – магла б быць прадатнай.

Падыход, якім мы будзем карыстацца, калі будзем разважаць пра гэтых жанчын, уласцівы мідрашам. Што гэта значыць? Габрэйскае слова “мідраш” абазначае “даследваць”, “даведвацца”. Мідрашы ствараліся на падставе высноваў рабінаў, да якіх яны прыходзілі ў працэсе пошуку сапраўднага значэння Святога Пісання. Мідрашамі стараліся запоўніць пустку ў пісаннях. Такога роду стыль, заснаваны на прыпавесцях і павучэннях, у вялікай меры бярэ свой пачатак у казаннях, якія прамаўляліся ў сінагогах. У тыповым біблейскім апавяданні можна заўважыць шмат пропускаў, нібы асобы, якія яго расказвалі, не былі асабліва гаваркімі. Бібілійныя гісторыі падаюць нам факты без апісання кантэксту і тлумачэння асобных тонкасцей. Напрыклад Саламон, якога празнававалі за наймудрэйшага чалавека, паводле меркаванняў рабінаў, ведаў каля трох тысяч гісторый, звязаных з кожным вершам Пісання і каля тысячы інтэпрэтацый кожнай з іх.

У выніку зацверджэння канона Новага Запавету, паўсталі чатыры розныя гісторыі пра Езуса, якія нам сёння вядомыя як Евангелля паводле св. Марка, св. Мацвея, св. Лукі і св. Яна. Гэтыя чатыры погляды на Ягонае жыццё і дзейнасць з’яўляюцца нашым надзвычайным багаццем.

Біблія паказвае нам вобразы людзей і іх адносіны з Богам і светам. Нам вядомы гісторыі знакамітых мужчын, але вельмі многія з нас усё яшчэ не надаюць годнай ўвагі жанчынам і той ролі, якую яны адыгралі ў Божым плане. Тут мы зробім незвычайныя адкрыцці адносна жанчын і іх сувязі з Богам і іншымі людзьмі, а таксама адносна той любові, якой іх надзяліў Бог. Магчыма, гледзячы на іх адносіны з Богам, мы ў чарговы раз прыгледзімся да ўласных.


 

Ева

Гатовая на ўсё, каб з’есці забаронены плод

Як гэта: быць першай жанчынай на зямлі і першай гаспадыняй? Мы можам толькі здагадвацца. Гісторыя чалавецтва не ведае іншай асобы, якая была б настолькі абцяжараная віной, як Ева. Чаго толькі варты той факт, што калі б яна не паддалася на спакусу змея, то мы б усё яшчэ жылі ў Раі. Але я не быў бы ў гэтым так упэўнены. (Святое Пісанне: Быцц. 1, 26-31; 2, 4-25; 3, 1-6; 4, 1-26; 1 Цім. 2, 13-1)

Яе пункт гледжання...

Я з’явілася на свет цалкам сфармаванай і дарослай з адным толькі “але”: мы з Адамам не нарадзіліся – мы былі створаныя і таму не маем сваёй гісторыі. Гэта робіць нас у чымсьці адметнымі. Спачатку Бог стварыў Адама і сказаў, што гэта добра. Мне здаецца, што калі Ён планаваў стварэнне наступнай істоты, то падумаў так: “Гэта было добра, але на гэты раз павінна быць яшчэ лепш”. І так з’явілася я – выданне другое, больш далікатнае, тонкае, прыгажае. Трэба было бачыць твар Адама, калі Бог мяне яму прадставіў... Гэта сапраўды было каханне з першага погляду.

Напэўна, вас цікавіць, як выглядаў наш дом. Гэта была найлепшая маёмасць, якая толькі існавала на зямлі. У нас былі ўсе віды дрэваў і пладоў, а навалкоьныя краявіды былі неверагодна прыгожымі. Сапраўды гэты сад быў створаны Божымі рукамі. Тэмпература была ідэальнай. Звяры былі тады не такімі, як цяпер: добразычлівымі і вельмі смешнымі. Адам прыдумаў ім імёны і, варта прызнаць, у яго гэта выдатна атрымалася. Гэта патрабавала ад яго немалой фантазіі, але ён справіўся з заданнем. Хто іншы змог бы выдумаць такія назвы, як жыраф, гіпапатам, слон, ара, качканос, леў, малпа і так трапна іх дапасаваць?

Што за цудоўны свет! І ён быў толькі наш. Мы зрывалі і елі садавіну, хрумсткія арэхі і смачную гародніну, пілі ваду з крыштальна чыстых крыніц. Што за жыццё! Хоць мы і шмат працавалі ў нашым садзе, але жыццё было напоўнена радасцю. Бог часта нас наведваў. Чаго нам яшчэ было хацець?

Была толькі адна забарона: звычайнае дрэва, але што за плады на ім раслі! Бог назваў яго дрэвам пазнання дабра і зла. Што такое зло? А дабро? Тады я не мела аб гэтым паняцця. Бог папярэдзіў нас, што калі з’ямо плод з гэтага дрэва, то памром. Я не зразумела, што Ён меў на ўвазе.

Змей сказаў, што не памром, а станем як Бог. Гэта штосьці – быць магутным, як Бог, магчы ствараць новыя рэчы і мець над імі кантроль!

Але не будзем апарэджваць падзеі. Як я ўжо сказала, у нас быў доступ да ўсяго, акрамя таго дрэва ў самым цэнтры саду. Гэта была першая забароненая рэч, з якой я сутыкнулася. “Нельга вам есці з таго дрэва...”. Гэта быццам сказаць дзіцяці, што яно зможа з’есці цукерку толькі пасля абеду. Можы быць, Бог нас так і стварыў: заўсёды хочам таго, чаго нам нельга. Калі гэтае дрэва магло нам зашкодзіць, то чаму было такім прыгожым і спакуслівым?

Так ці інакш, мы з Адамам былі шчаслівымі, цешачыся адзін адным і вясёлым таварыствам звяроў і птушак. Страху не існавала, а ўсё і ўсе жылі паміж сабой у згодзе. Як вы здагадваецеся, так доўга пратрываць не магло.


 

Гэта адбылося ў звычайны дзень. Адам займаўся чымсьці ў іншай частцы саду, а я была адна. Прагульвалася па садзе і раптам заўважыла перад сабой гэтаеадметнае дрэва. Прыпынілася і прыглядалася да яго з бяспечнай адлегласці. Тады і з’явіўся змей. Хутчэй за ўсё ты не любіш змей, але, павер мне, тады яны сваёй прыгажосцю пераўзыходзілі ўсе іншыя стварэнні. Ён пачаў са мной размаўляць. Раздражніў маю цікаўнасць незвычайна захапляльнай размовай.

- Ці Бог сапраўды сказаў, што вам нельга есці з гэтага дрэва? – запытаўся змей. Я задумалася.

- Бог сказаў, - адказала я, - што мы можам есці плады з усіх дрэваў, акрамя гэтага адзінага, бо калі мы да яго дакранемся, то памрэм.

Я ўсё яшчэ не ведала, што значыць “памрэм”. Гэтае слова гучала вельмі таямніча. - Напэўна не памраце! – упэўніў мяне змей. – Бог штосьці перад вамі ўтойвае. Ён ведае, што калі пакаштуеце плод з гэтага дрэва, то будзеце такімі, як Ён, бо даведаецеся, што такое дабро і зло.

Здавалася, што гэтая размова доўжылася ледзьве некалькі хвілін, але насамрэч тэма дрэва ўзнікала на працягу яшчэ некалькіх дзён. І кожны раз, як я сустракала змея, плады дрэва пазнання выглядалі ўсё больш і больш апетытнымі.

А потым настаў дзень, калі я нясмела пацягнулася за плодам, толькі адным маленькім плодам, і схавала яго ў далонях. Нічога не адбылося, але... Ён выглядаў так спакусліва, як ніколі раней. Якісьці час я трымала яго ў руцэ, кранаючыся і адчуваючы яго прыемны пах. Ён быў такі гладзенькі... Асцярожна паднесшы яго да вуснаў, укусіла. Калі я адгрызла кавалак, то струмень цудоўнага соку пацёк па маіх пальцах. Ён быў смачнейшым за ўсё, што я калі-небудзь каштавала. Праз хвіліну ад яго не засталося і следу. Я сарвала яшчэ адзін, а потым яшчэ і яшчэ, аж пакуль не наелася дасыта. Я добра сябе адчувала і са мной не адбывалася нічога, што б я магла назваць паміраннем. Пакуль што...

Нарваўшы прыгаршню пладоў, я пабегла да Адама. Я яго пераканала ў тым, што ён спакойна можа іх з’есці, бо я ўжо гэта зрабіла і мне ад гэтага нічога не стала. Калі Адам узяў з маіх рук плод, то выглядаў так, нібы хацеў зрабіць мне прыемна. Адам таксама яго з’еў. Што гэта была за смаката...

Усё пачала адбывацца паступова. Паглядзеўшы адно на аднаго, мы зразумелі, што былі голымі. Аж да гэтага моманту мы не адчувалі сораму. Мы былі нявіннымі. Цяпер мы бачылі, што мы не маем на сабе анічога. Трэбы было штосьці з гэтым рабіць. Адначасова да нас дайшло, што мы павінны схавацца ад Бога, які штодня гуляў па садзе. Мы пачулі Ягонае пытанне: “Дзе вы?”. Толькі як можна схавацца ад Бога? Што мы нарабілі? Што я нарабіла? Каб схаваць нашую нагату, Бог прыдумаў адзенне, хаця, шчыра кажучы, фігавыя лісты, якія ён нам даў, былі занадта шорсткія. Мы паплаціліся за свой учынак. Змей быў пракляты і да гэтага часу поўзае на жываце. А мне Бог сказаў: “множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасці тваёй; у хворасці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою”.


 

Майму дарагому мужу, які мяне палухаў, Бог сказаў так: “праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш карміцца з яе ва ўсе дні жыцця твайго”.

У той дзень, у дзень Евы, Маткі Жыцця, што жыла ў садзе Эдэм у Раі, я стала жонкай Адама, пасялілася на ўсход ад Брамы з Палымнеючым Мячом, дзесьці у паўднёва-ўсходняй Азіі. “Умілаваны Рай” ператварыўся ў “Страчаны Рай”. Назаўсёды.

Мне страшэнна шкада. Я знішчыла сваё жыццё і тваё, магчыма, таксама. Мы спрабавалі розныя штучкі: “Гэта не мая віна”, - але няшмат з гэтага выйшла. Адам сказаў, што ўсё з-за мяне, я – што з-за змея, а змей па сённяшні дзень абвінавачвае ўсё і ўсіх. Пасля выпадку ў садзе пачалося жыццё, поўнае суму і болю. Анёлы бесцэрэмонна выкінулі нас з Раю. На новай зямлі Адам працаваў ад золку да захаду сонца і страшна пацеў. Трэба было бачыць тыя горы прання і мяне без пральнай машынкі. Я пачала нараджаць дзяцей у страшных цярпенннях, а паблізу не была аніводнага шпіталю, дзе б мне маглі даць абязбольваючае.

Нашыя першыя сыны былі адным вялікім расчараваннем. І калі ўжо гаворка ідзе пра першынство, то менавіта мой сын здзеісніў першае забойства. Напэўна, вы ўжо ведаеце, што ягонай ахвярай стаў яго родны брат. Я думала, што нішто не магло быць большым за наш смутак пасля выгнання з Раю, але і ён падаўся нічым у параўнанні з цярпенннем пасля гэтага жорсткага злачынства. Я была гатовая пачаць усё нанова. На шчасце, Бог выслухаў мае малітвы.

Фрагменты з кнігі

Роберта Дж. Стрэнда

“Гатовыя на ўсё. Жанчыны Старога Запавету”

Пераклад: Вольга Рамейка

Рэдагавана: 22 Лютага 2017