З нагоды трыццатага дня пасля смерці кс. Яна Варанецкага, які раптоўна адышоў у вечнасць 12 верасня, малітва за яго адбудзецца ў яго роднай парафіі ў Мікелеўшчыне, дзе ён пахаваны, і парафіі ў Ашмянах, пробашчам якой ён быў.
У парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат) Імша ў інтэнцыі спачылага адбудзецца 10 кастрычніка ў 12.00, у парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах – 13 кастрычніка ў 18.00.
Супольна памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa запрашаюцца ўсе ахвотныя – духавенства, законныя сёстры, свецкія вернікі.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 г., паходзіў з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне.
Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 г. у Гродне. Быў вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, затым гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (дэканат Гродна-Захад) і св. Францішка Ксаверыя (катэдра, дэканат Гродна-Усход).
У ліпені 2024 г. стаў пробашчам ашмянскай парафіі св. Міхала Арханёла. Неспадзявана адышоў у вечнасць 12 верасня ва ўзросце 34 гадоў, пахаваны ў Мікелеўшчыне.